У Сусветным банку абмеркавалі дарожную карту структурных рэформ у Беларусі
Пад старшынствам намесніка міністра эканомікі Дзмітрыя Ярашэвіча 1 лютага адбылося першае пасяджэнне міжведамаснай рабочай групы па арганізацыі сумеснай работы з Сусветным банкам з мэтай падрыхтоўкі дакумента „Дарожная карта структурных рэформаў у Рэспубліцы Беларусь”.
Як паведамляе Мінэканомікі, пасяджэнне адбылося на пляцоўцы прадстаўніцтва Сусветнага банка ў Беларусі.
У мерапрыемстве ўзялі ўдзел намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Дзмітрый Калечыц, намеснік міністра фінансаў Андрэй Белкавец, першы намеснік старшыні Дзяржкамітэта па маёмасці Аляксей Васільеў, намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Андрэй Картун, першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Андрэй Лабовіч.
Акрамя таго, у працы ўдзельнічалі рэгіянальны дырэктар Сусветнага банка па Беларусі, Украіне і Малдове Сату Кахканен (у фармаце відэаканферэнцыі) і кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банка ў Беларусі Аляксандр Крэмер.
„Падчас пасяджэння былі абмеркаваныя далейшыя крокі па падрыхтоўцы дакумента „Дарожная карта структурных рэформаў у Рэспубліцы Беларусь” у кантэксце мэтаў і задач, пастаўленых у Праграме дзейнасці ўрада Рэспублікі Беларусь на 2018—2020 гады па забеспячэнні павышэння дабрабыту і якасці жыцця насельніцтва шляхам устойлівага эканамічнага росту, які перавышае сярэднесусветныя тэмпы”, — паведамляе Мінэканомікі.
У студзені ўрад апублікаваў распараджэнне прэм’ер-міністра аб стварэнні міжведамаснай рабочай групы, якая сумесна з Сусветным банкам зоймецца падрыхтоўкай згаданай „дарожнай карты”.
Беларускія эканамісты лічаць, што ўлады прынялі рашэнне рыхтаваць гэты дакумент па некалькіх матывах.
„Унутраная прычына відавочная. Тэмпы эканамічнага росту запавольваюцца, урад імкнецца рэагаваць на гэты выклік, таму ініцыюе падрыхтоўку структурных рэформаў”, — лічыць старшы навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Дзмітрый Крук.
Эксперты таксама нагадваюць, што Аляксандр Лукашэнка нядаўна задаваў ураду пытанне, чаму ён не вырашае праблемы дзяржпрадпрыемстваў.
„Дарожная карта структурных рэформаў” — гэта якраз адказ на такое пытанне. Акрамя таго, дакумент можа стаць асновай для перамоваў з крэдыторамі. Таму, хутчэй за ўсё, дарожная карта — гэта дакумент як для ўнутранага, так і знешняга спажывання”, — адзначыў у каментары БелаПАН дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык.
У 2015 годзе беларускія ўлады ўжо рыхтавалі з Сусветным банкам дарожную карту структурных рэформаў. Дакумент стаў асновай для перамоваў Беларусі з МВФ, якія праходзілі ў 2015—2017 гадах. У сярэдзіне 2017 года МВФ заявіў, што перамовы пастаўленыя на паўзу, паколькі дасягнуць дамоўленасцяў з беларускімі ўладамі па прынцыповых пытаннях (аб рэфармаванні дзяржсектара) не ўдалося.
belapan.by