У Таджыкістане адкрыта зборачная вытворчасць трактароў „МТЗ”
У Гісары (Таджыкістан) 25 лістапада адкрылася зборачная вытворчасць трактароў ААТ „МТЗ”.
Як паведамляе пасольства Беларусі ў Таджыкістане, першапачаткова плануецца сабраць 50 трактароў „Беларус-80.1” і „Беларус-82.1”. У далейшым штогод на заводзе будуць збіраць да 300 трактароў і больш.
Адметная асаблівасць прадпрыемства ў Гісары — вытворчасць трактароў з нуля і яго ўключэнне ў пералік асабліва важных аб’ектаў Таджыкістана.
У Гісары запушчаны малы зборачны цэх (1.100 кв. м) і працуе склад гатовай прадукцыі, устаноўлена тэхналагічнае абсталяванне. Пачата будаўніцтва вялікага зборачнага цэха агульнай плошчай больш за 1. 600 кв. м. Запланавана стварэнне павільёна для дэманстрацыі шырокага шэрагу беларускай тэхнікі.
У 2018 годзе таксама плануецца наладзіць у Гіссары вытворчасць прычапной і навясной тэхнікі ААТ „Бабруйскаграмаш” і самаходных касілак ААТ „Гомсельмаш”. У планах асваенне выпуску камунальнай тэхнікі Мінскага аўтамабільнага завода, пажарнай тэхнікі ТАА „Пажснаб” і спецыяльнай тэхнікі завода „Амкадор”.
Увод у эксплуатацыю вялікага зборачнага цэха дазволіць вырабляць больш за 10 найменняў тэхнікі для яе наступнай рэалізацыі ў рэспубліцы і сумежных дзяржавах Цэнтральна-Азіяцкага рэгіёну, паведамілі ў беларускім дыппрадстаўніцтве.
На базе зборкі таксама арганізуецца навучальны цэнтр па падрыхтоўцы кваліфікаваных тэхнічных спецыялістаў для эксплуатацыі і абслугоўвання сельскагаспадарчай тэхнікі беларускай вытворчасці.
Зборачная вытворчасць сельгастэхнікі ў Гісары дазволіць забяспечыць патрэбу прадпрыемстваў АПК Таджыкістана ў высокапрадукцыйнай, унікальнай тэхніцы, вырашыць задачу імпартазамяшчэння па гэтым відзе прадукцыі, а таксама забяспечыць працоўнымі месцамі жыхароў рэспублікі, падкрэслілі ў пасольстве.