У Варшаве плануюць правесці сустрэчу беларускіх і польскіх стартапаў



Польская гаспадарчая палата плануе арганізаваць у Варшаве сустрэчу беларускіх і польскіх стартапаў. Пра гэта 26 сакавіка ў Менску паведаміў журналістам прэзідэнт палаты Анджэй Арандарскі перад пачаткам беларуска-польскага бізнес-форуму.

„Нам вельмі цікавая сфера IT у Беларусі. У нас гэтая галіна таксама развіваецца хутка. І я б хацеў, каб нашы маладыя прадпрымальнікі, стартапы адзін з адным супрацоўнічалі. Думаем запрасіць у Варшаву такіх маладых прадпрымальнікаў, каб яны пазнаёміліся з умовамі супрацы з польскімі партнёрамі”, — сказаў Арандарскі.

Пры гэтым ён адзначыў, што Польшча супрацоўнічае з Беларуссю практычна ва ўсіх галінах эканомікі, уключаючы вытворчасць прадуктаў харчавання, дрэваперапрацоўку, ахову навакольнага асяроддзя, энергетыку, металургію, турызм.

На пытанне БелаПАН, ці будуць у рамках форуму падпісаныя кантракты, ён адказаў: „Кантракты будуць у будучыні, неабходна пазнаёміцца, пагаварыць, паглядзець адзін на аднаго, а потым будуць кантракты. Нам трэба лепш разумець адзін аднаго і ведаць магчымасці для бізнесу тут. Вось роля такіх бізнес-місій”.

У сваю чаргу пасол Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі адзначыў, што супраца дзвюх краін развіваецца актыўна. „Мы суседзі і павінны з гэтага атрымаць выгады і глядзець на наша суседства, як на шанец. Гэты працэс ідзе, мы рухаемся ў добрым напрамку, прыязджаюць сюды бізнесмены з Польшчы, шмат гасцей прыязджае ў Польшчу з Беларусі. Гэтыя сувязі ўжо шматбаковыя, мы ведаем адзін аднаго ўсё лепш і лепш. Калі эканамічныя сувязі будуць больш трывалымі, будзе расці і давер паміж намі”, — лічыць Міхальскі.

У сённяшнім форуме ўдзельнічае 13 кампаній з Польшчы і больш за 100 з Беларусі. Падчас мерапрыемства будуць разгледжаныя перспектывы беларуска-польскага гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння, адбудуцца прэзентацыі дзелавога клімату Беларусі і Польшчы, пройдуць В2В-перамовы паміж прадстаўнікамі беларускіх дзелавых колаў і польскіх прадпрыемстваў, якія працуюць у сферах будаўніцтва, укаранення біягазавых тэхналогій, вытворчасці прадуктаў харчавання, тытунёвай прадукцыі, аўтазапчастак, мэблі, прадукцыі з чыгуну, абсталявання для харчовай прамысловасці і іншых.

БелаПАН