Belarus Business Forum у Варшаве
У Варшаве праходзіць Belarus Business Forum. Галоўнае пытанне форуму: «Як выратаваць беларускі бізнэс цяпер і дапамагчы развівацца ў будучыні?»
Форум праводзяць Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжою (ABBA) сумесна з даследчым цэнтрам CASE Belarus пад патранатам Святланы Ціханоўскай у Варшаўскай фондавай біржы, перадае „Свабода”.
Проста цяпер, паводле аналітыкаў і эканамістаў, для будучага хуткага аднаўлення эканомікі трэба:
-дапамагчы выратаваць бізнесы і іх супрацоўнікаў, у тым ліку тыя, якія вымушана пераехалі ў іншыя краіны, напрыклад у Польшчу;
-распрацаваць і ўзмацніць планы падтрымкі, якія атрымае Беларусь пасля змены ўлады — як План дапамогі ЕЗ на 3 мільярды еўра.
Святлана Ціханоўская ў выступленні анлайн адзначыла, што «нелегітымная ўлада выкарыстоўвае ўсе формы пераследу прадпрымальнікаў». У Беларусі нярэдкія выпадкі, калі беларускіх бізнесоўцаў саджаюць па надуманых абвінавачаннях, а потым патрабуюць велізарнага хабару. Яны не прызнаныя палітвязнямі, бо іх пераследуюць па эканамічных прычынах. Ціханоўская папярэдзіла, што чакаецца пагаршэнне сітуацыі, бо «дзяржаўны доўг вельмі высокі, а стаўка рэфінансавання вельмі нізкая». Яны лічыць, што многія кампаніі будуць спустошаны і зачынены, многія бізнесоўцы будуць вымушаныя бегчы, каб ня сесці ў турму, таму важна абараніць беларускі бізнес. Таксама Святлана Ціханоўская сказала, што прыватны сектар будзе расці дзякуючы рэформам, а Еўрапейскі Звяз дасць 3 мільярды еўра ў якасці падтрымкі для будучыні Беларусі, падтрымаюць беларусаў і асобныя дзяржавы.
Фота: svaboda.org