У Варшаве праводзяць беларускамоўныя семінары па прыватных фінансах



Важна выпрацаваць звычку ашчаджаць. Як гаспадараваць сваімі фінансамі і дасягнуць поспеху? Парады такога кшталту дае Аляксандр Стэпановіч – кіраўнік інвестыцыйна-кансалтынгавай кампаніі, а таксама стваральнік “Нацыянальнага бізнес-клуба імя Рамана Скірмунта” . На мінулым тыдні ён правёў першы беларускамоўны семінар у Варшаве. Некалькімі думкамі спадар Аляксандр падзяліўся і з нашым радыё.

Аляксандр Стэпановіч: Мне неабыякавы лёс беларускага грамадства, даволі крыўдна, калі родная краіна знаходзіцца ў такім складаным фінансавым становішчы (не толькі фінансавым), а заходнія краіны паспяхова развіваюцца. Хочацца, каб было чым ганарыцца і ў сваёй краіне, і таму хочацца дапамагчы беларусам, каб яны таксама валодалі інфармацыяй пра  магчымасці, якія існуюць у свеце. Каб людзі ведалі пра тыя фінансавыя інструменты, якімі карыстаюцца ў эканамічна развітых краінах.

РР: А якія інструменты варта выкарыстоўваць чалавеку з сярэднім ці, скажам, нават невялікім даходам?

Аляксандр Стэпановіч: Варта прытрымлівацца прынцыпу дыверсіфікацыі. Ніколі нельга захоўваць усе яйкі ў адным кошыку. Заўсёды важна выкарыстоўваць інвестыцыйны партфель, у які ўваходзяць розныя інструменты. Гэта і акцыі, і аблігацыі, і нерухомасць, і каштоўныя металы, і альтэрнатыўныя інструменты.

РР: Спадар Алесь, паводле аднаго з рэйтынгаў, Беларусь з’яўляецца адной з найбяднейшых краінаў Еўропы, калі казаць пра ашчаджэнні: на душу насельніцтва выпадае каля 2000 даляраў. Як тут можна казаць пра нейкае інвеставанне? Колькі чалавек мае мець грошай у кішэні, каб думаць пра інвеставанне? Ад якога парога можна пачынаць?

Аляксандр Стэпановіч: У тым і справа, што трэба думаць пра пачатак інвестыцыйнай дзейнасці , незалежна ад даходаў. Парадокс у тым, што ёсць вельмі багатыя людзі, якія атрымліваюць, напрыклад, 100 000 даляраў у год, але яны жывуць без зберажэнняў. Яны цалкам залежаць ад сваіх штомесячных даходаў на адзіным месцы працы.

Трэба ўсвядоміць на ўзроўні менталітэту, павінна ўтварыцца звычка – пастаянна адкладаць ад любога даходу пэўны адсотак і інвеставаць.

РР: Апошнім часам досыць папулярным інструментам становяцца крыптавалюты. Нехта гаворыць пра іх высокую прыбытковасць і перспектыўнасць, нехта ж лічыць, што гэта чарговая фінансавая піраміда. Дык як, ці варта набываць крыптавалюту?

Аляксандр Стэпановіч: Кожны самастойна павінен правесці аналіз рынку. Нельга давяраць чыімсьці словам. Калі казаць пра крыптавалюты, то тэхналогія блокчэйн сапраўды прарыўная, і яна будзе выкарыстоўвацца. Але многія аналітыкі стараюцца адасобіць саму тэхналогію ад крыптавалютаў. Любы фінансавы інструмент развіваецца цыклічна. Пры ажыятажным попыце фармуюцца фінансавыя бурбалкі. Потым адбываецца абвал. Але калі тэхналогія жыццяздольная, то далей зноў пачнецца рост. Канешне, выжывуць не ўсе крыптавалюты. Застануцца найбольш перспектыўныя з тэхналагічнага пункту гледжання, якія далей будуць выкарыстоўвацца.

У гэтым кантэксце варта прыгадаць крызіс амерыканскіх «доткомаў» пачатку 2000-х. У гэты перыяд быў ажыятажны попыт на акцыі амерыканскіх інтэрнэт-кампаній, а затым адбыўся вялікі абвал. Але некалькі буйных кампаніяў выжылі. Яны існуюць да сённяшняга дня і з’яўляюцца «блакітнымі фішкамі».

РР: Якія кнігі Вы б параілі для тых, хто хоча пачаць эфектыўна ашчаджаць і інвеставаць? Літаратуру для кожнага, так бы мовіць.

Аляксандр Стэпановіч: Найбольш варты ўвагі бэстсэлер амерыканскага аўтара Робэрта Алена Multiple Streams of Income, расейскі пераклад якога называецца «Множественные источники дохода». Там даволі падрабязна разглядаюцца алгарытмы інвеставання і фінансавыя інструменты. Таксама вельмі добрая серыя кніг Роберта Кіёсакі, у якую уваходзяць «Багаты Тата, Бедны Тата», «Квадрант грашовай плыні» і шэраг іншых.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава

Фота аўтара