У Вене праходзіць беларуска-еўрапейскі інвестыцыйны форум



У Вене 24 траўня праходзіць беларуска-еўрапейскі інвестыцыйны форум па прасоўванні інвестыцый Еўразвяза ў Беларусь.

бізнес

Удзел у мерапрыемстве бяруць каля 150 найбуйнейшых еўрапейскіх кампаній, міжнародных фінансавых інстытутаў, а таксама афіцыйных структур Беларусі і ЕЗ.

У адкрыцці мерапрыемства, якое праходзіць на пляцоўцы Федэральнай палаты эканомікі Аўстрыі пры сумеснай падтрымцы ЕЗ і Беларусі, узялі ўдзел першы намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Васіль Мацюшэўскі, еўракамісар па еўрапейскай палітыцы суседства і перамоў аб пашырэнні Ёханэс Хан, віцэ-прэзідэнт Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця Алан Пію.

Як раней паведамляў прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык, падчас форуму будуць прэзентаваныя інвестыцыйныя магчымасці і перавагі Беларусі, новыя ўмовы і перспектывы эканамічнага супрацоўніцтва з еўрапейскім бізнесам. „Асаблівая ўвага будзе нададзеная развіццю ўзаемадзеяння ў фінансава-банкаўскай сферы, на інфармацыйна-камунікацыйным кірунку, а таксама па тэматыцы экалагічнага будаўніцтва”, — зазначыў прэс-сакратар.

Паводле яго слоў, праграма мерапрыемства прадугледжвае правядзенне пленарнага пасяджэння ў фармаце панэльных дыскусій па двух узбуйненых блоках: прэзентацыі інвестыцыйных магчымасцяў Беларусі і гісторыі поспеху еўрапейскіх інвестыцый у Беларусі.

У межах форуму запланаваныя сустрэчы прадстаўнікоў бізнес-супольнасцяў. У склад беларускай дэлегацыі ўвайшлі прадстаўнікі кіраўніцтва Міністэрства замежных спраў, Міністэрства эканомікі, Нацыянальнага банка, Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, Банка развіцця, Нацыянальнага агенцтва інвестыцый і прыватызацыі, індустрыяльнага парка „Вялікі камень”.

Асноўная мэта форуму — паляпшэнне інвестыцыйнага і гандлёва-эканамічнага іміджу Беларусі за мяжой, а таксама спрыянне прыцягненню еўрапейскіх інвестыцый у эканоміку нашай краіны.

belapan.by