У верасні камунальныя паслугі падаражэюць амаль на 10 %



З пачаткам восені дзяржава правядзе чарговую індэксацыю камунальных тарыфаў з улікам росту сярэдняй заработнай платы па краіне ў другім квартале. Як распавялі ў Міністэрстве эканомікі, у верасні камунальныя паслугі падаражэюць амаль на 10 %.

Паводле спецыяліста ў сферы ЖКГ Рыгора Кастусёва, нічога нечаканага для беларускіх грамадзянаў не адбылося:

-Гэтае рашэнне было прынятае ў пачатку года: пералік коштаў на камунальныя паслугі будзе адбывацца кожны квартал і гэты пералік будзе прапарцыянальны падвышэнню сярэдняга заробку ў Беларусі ў беларускіх рублях. Ці вырас сярэдні заробак у Беларусі? Ёсць вялікі сумнеў. Мне падаецца, калі падысці да разлікаў больш сур’ёзна, то паказчык будзе наадварот адмоўны,а не станоўчы.

Адзначым, што індэксацыі падлягаюць толькі тыя камунальныя тарыфы, якія субсідыруюцца. Паводле афіцыйных звестак, летась насельніцтва кампенсавала прыкладна 24 % рэальных выдаткаў камунальнікаў. Сёлета ў першым паўгоддзі гэты паказнік вырас да 31%. Да канца году чыноўнікі чакаюць яшчэ большай лічбы.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота ej.by