У „Вялікім камені” збіраюцца імпартазамяшчаць камп’ютары
У беларуска-кітайскім індустрыяльным парку “Вялікі камень” 29 сакавіка зарэгістраваны новы рэзідэнт. Беларуская кампанія “ІРБІ” ў рамках імпартазамяшчальнага праекта будзе вырабляць там камп’ютары і камплектуючыя да іх, піша Office Life.
У прыватнасці, гаворка ідзе пра манаблокі, міні-камп’ютары для офісаў і прамысловыя камп’ютары, а таксама камплектуючыя для камп’ютарнай тэхнікі. Акрамя таго, кампанія збіраецца распрацоўваць прыкладныя праграмныя комплексы. ТАА “ІРБІ” арыентуецца на ўнутраны рынак Беларусі і экспарт у краіны Еўразійскага эканамічнага саюза.
На сёння ў СЭЗ “Вялікі камень” зарэгістравана 107 рэзідэнтаў з 15 краін.
Камітэт дзяржкантролю заняўся аператарамі мабільнай сувязі ў Беларусі
Камітэт дзяржкантролю заняўся аператарамі мабільнай сувязі ў Беларусі. Яго прэс-служба заявіла, што „спынены спробы павышэння кошту паслуг”. Кантралёры з абурэннем пішуць, што аператары мабільнай сувязі робяць такія крокі „на фоне стабільнага фінансавага становішча і нарошчвання прыбыткаў”.
Прыводзіцца прыклад, што ў пачатку 2023 года „была зроблена спроба павелічэння кошту паслуг шляхам іх вылучэння ў якасці дадатковых з абаненцкай платы”. А ў сакавіку аператары „зноў анансавалі павышэнне коштаў на дадатковыя і сэрвісныя паслугі, кошт якіх у цяперашні час не рэгулюецца дзяржавай”. Але тут з’явіліся супрацоўнікі КДК. А там, дзе праверкі, там і штрафы. Падрабязнасці гэтага „мерапрыемства” КДК збіраецца распавесці на БТ
МТС мяняе лагатып і адмаўляецца ад яйка
30 сакавіка кампанія МТС абвесціць пра поўнамаштабны рэбрэндынг, распавёў агенцтву РБК прэзідэнт кампаніі Вячаслаў Нікалаеў. Новы лагатып кампаніі будзе без яйка. Гэта будзе квадрат чырвонага колеру з літарамі М, Т і С па перыметры. Па словах дырэктара расійскага МТС, даследаванне паказала, што цяпер іх кампанія асацыюецца ў кліентаў не з яйкам, а з чырвоным колерам. А яйка выклікае асацыяцыі з „чымсьці алдскульным і класічным” – піша “Еўрарадыё”.
Лагатып з яйкам кампанія выкарыстоўвала з 2006 года. У Беларусі з МТС за парушэнне аўтарскіх правоў судзіліся паэт Алесь Разанаў і мастак Віктар Маркавец, якія яшчэ на пачатку 1990-х стварылі цыкл твораў пад назвай „Яйкаквадраты”. У Беларусі лагатып МТС апошні раз мяняўся ў 2019 годзе.
Мазырскі НПЗ рыхтуецца цалкам спыніцца
У сацсетках Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода з’явілася паведамленне, што неўзабаве гэта буйное прадпрыемства цалкам спыніцца дзеля неабходнасці правядзення маштабнага рамонту, падрыхтоўка да якога, па словах кіраўніцтва, вядзецца ўжо цэлы год.
“Завод рыхтуецца да вялікай рамонтнай кампаніі, калі практычна ўсе вытворчыя аб’екты будуць спынены”, — паведамляе прэс-служба Мазырскага НПЗ. У адпаведнасці з данымі дзяржаўных закупак, кіраўніцтва МНПЗ рыхтавалася да прыпынення працы завода і закупляла паслугі па рамонце асобных установак пачынаючы з красавіка 2022 года.
У кантэксце ваенных дзеянняў поўнае спыненне завода, які знаходзіцца недалёка ад мяжы з Украінай, можа выклікаць пытанні – заўважыла “Наша Ніва”.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота: Вікіпедыя