У Жэневе прайшло пасяджэнне рабочай групы СГА па далучэнні Беларусі
Дзясятае пасяджэнне рабочай групы Сусветнай гандлёвай арганізацыі па далучэнні Беларусі прайшло 15 мая ў Жэневе.
Як паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі, беларускую дэлегацыю ўзначаліў першы намеснік міністра замежных спраў Андрэй Еўдачэнка. У склад дэлегацыі таксама ўвайшлі прадстаўнікі міністэрстваў эканомікі, фінансаў, юстыцыі, сельскай гаспадаркі і харчавання, антыманапольнага рэгулявання, здароўя, сувязі, лясной гаспадаркі, а таксама Нацбанка, ДМК, Дзяржстандарту і Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці.
Еўдачэнка праінфармаваў удзельнікаў пасяджэння аб развіцці беларускай эканомікі, праведзенай працы па ўдасканаленні нацыянальнага заканадаўства, а таксама завяршэнні двухбаковых перамоваў па доступе на рынкі з Нарвегіяй, Сальвадорам, Гватэмалай і Ісландыяй.
„Прадстаўнікі ЕЗ, Канады, Расіі, Арменіі, Кыргызстана, Казахстана, Таджыкістана, Кітая, В’етнама, Індыі, Новай Зеландыі, Аўстраліі, Бразіліі, Мексікі, Украіны, Швейцарыі, Нарвегіі, Турцыі, Японіі, Рэспублікі Карэя, Сальвадора, Эквадора, Кубы, Гватэмалы, Грузіі, Малдовы і іншых краін у сваіх выступах падтрымалі прынятыя ўрадам Беларусі захады па далучэнні да СГА, адзначылі істотны прагрэс у частцы прывядзення заканадаўства Беларусі ў адпаведнасць з правіламі СГА, — гаворыцца ў паведамленні. — Большасць дзяржаў — членаў СГА адзначылі, што ўступленне Беларусі ў Арганізацыю будзе спрыяць умацаванню міжнароднай гандлёвай сістэмы, што прадвызначае важнасць хутчэйшага завяршэння перамоўнага працэсу”.
Падчас пасяджэння адбылося дэталёвае абмеркаванне прадстаўленай рэдакцыі праекта дакладу рабочай групы па эканамічнай палітыцы Беларусі, рэгуляванні экспарту і імпарту, тэхнічных бар’ерах у гандлі, санітарных і фітасанітарных мерах, гандлёвых аспектах правоў на інтэлектуальную ўласнасць, гандлі паслугамі.
Беларуская дэлегацыя адказала на пытанні краін — членаў СГА, якія тычацца прававога рэгулявання эканомікі, валютна-фінансавага рэгулявання, доступу замежных інвестыцый у эканоміку краіны і іншых аспектаў. Чакаецца, што трэцяя рэдакцыя праекта дакладу рабочай групы будзе разгледжаная падчас наступнага пасяджэння, якое плануецца ў чацвёртым квартале 2018 года.
14 мая адбылася сустрэча Еўдачэнкі са старшынёй рабочай групы — пастаянным прадстаўніком Турцыі пры СГА Кемалем Мадэнаглу, падчас якой бакі абмеркавалі бягучую сітуацыю і далейшыя крокі ў перагаворным працэсе.
14—17 мая беларуская дэлегацыя таксама праводзіць чарговы раўнд двухбаковых перамоваў па доступе на рынак тавараў і паслуг з сямю членамі СГА.