У жніўні ў насельніцтва і прадпрыемстваў рэзка вырас попыт на валюту



Чыстая купля замежнай валюты фізічнымі асобамі і суб’ектамі гаспадарання ў жніўні рэзка вырасла ў параўнанні з папярэднімі месяцамі, сведчаць звесткі Нацыянальнага банка.

У студзені—жніўні фізасобы купілі (у наяўнай і безнаяўнай форме) 6.873,1 млн долараў, прадалі 5.377,1 млн долараў. Такім чынам, попыт насельніцтва на замежную валюту перавысіў прапанову на 1.496 млн долараў.

Пры гэтым калі за студзень—ліпень чыстая купля насельніцтвам замежнай валюты склала 873,8 млн долараў, то за жнівень — 622 млн долараў.

Попыт на валюту істотна перавышае прапанову і ў карпаратыўным сегменце.

У студзені—жніўні суб’екты гаспадарання купілі (на біржавым і пазабіржавым рынку) замежнай валюты на 15.383 млн долараў, прадалі 13.915, 6 млн долараў. Такім чынам, попыт перавысіў прапанову на 1.397,5 млн долараў.

Пры гэтым калі за студзень—ліпень чыстая купля суб’ектамі гаспадарання замежнай валюты склала 746 млн долараў, то за жнівень — 651,5 млн долараў.

Сумарна чысты попыт суб’ектаў гаспадарання і фізічных асоб на замежную валюту ў жніўні склаў 1.273 млн долараў.

Нагадаем, сёння Нацбанк паведаміў аб рэзкім зніжэнні золатавалютных рэзерваў у жніўні. Паводле звестак цэнтральнага банка, яны знізіліся на 1.399,6 млн долараў ЗША (на 15,8%) і склалі на 1 верасня 7.457,8 млн долараў.

Рэгулятар адзначае, што зніжэнне ўзроўню міжнародных рэзервовых актываў па выніках жніўня ў асноўным абумоўлена продажам Нацыянальным банкам замежнай валюты на біржавых таргах.

Як паведамлялася, у жніўні ў сувязі з палітычным крызісам, які ўзнік пасля выбараў, істотна выраслі дэвальвацыйныя чаканні і значна вырас попыт на замежную валюту.

Долар і еўра за няпоўны месяц пасля выбараў падаражэлі на біржавых таргах больш чым на 8%. З улікам росту курсаў у пачатку года, выкліканага „каранакрызісам”, курсы долара і еўра ў Беларусі выраслі са студзеня на 25,6% і 33% адпаведна.

belapan.by