У жыроўках за чэрвень сумы за некаторыя паслугі выставяць па падвышаных тарыфах
У жыроўках беларусаў за чэрвень, якія павінны прыйсці бліжэй да 10 ліпеня, сумы за некаторыя паслугі будуць выстаўлены па падвышаных тарыфах. Прычына – іх падаражэнне з 1 чэрвеня.
Тарыфы на ацяпленне і падагрэў вады з 1 чэрвеня паднялі на 12,7%. Да прыкладу, за гарачую ваду у двухпакаёвай кватэры ў Менску на 50 «квадратаў», у якой прапісаны адзін чалавек, па льготным тарыфе за чэрвень выйдзе 10 рублёў 37 капеек. У траўні выйшла б 9 рублёў 20 капеек. У кватэры, у якой ніхто не прапісаны, у чэрвені за такі ж спажыты аб’ём гарачай вады выйдзе сума 53 рублі. Для такога жылля тарыф узнялі з 1 студзеня.
Некаторыя банкі ў ліпені ўводзяць змены
Некаторыя з іх ужо зарабілі, іншыя ж уступяць у сілу на працягу гэтага месяца. Новаўвядзенні ўвёў таксама Нацбанк. „Люстэрка” распавядае аб банкаўскіх зменах ліпеня. З ліпеня ўпалі працэнтныя стаўкі па некаторых банкаўскіх крэдытах. Гэта звязана з рашэннем Нацбанка знізіць разліковыя велічыні стандартнай рызыкі. Калі спрасціць, то гэта працэнтная столь па банкаўскіх крэдытах. З ліпеня для фізічных асобаў да 14,61% (было 14,89%), а для юрыдычных асоб – да 10,82% (было 11,66%). На гэтую столь павінны арыентавацца банкі, калі выстаўляюць працэнтныя стаўкі па крэдытах, іх нельга перавышаць.
З 1 ліпеня „Беларусбанк” увёў змены па прыёме плацяжоў наяўнымі праз прылады самаабслугоўвання. Банк усталяваў ліміт па такіх паслугах – да 50 базавых велічынь за адну аперацыю (ці 1850 рублёў).
«Прыёрбанк» раней аб’яўляў, што з 1 ліпеня ўвядзе абмежаванне ў 50 базавых велічыняў за адну аперацыю па аплаце паслуг гатоўкай у прыладах самаабслугоўвання праз АРІП. Такі ліміт з’явіцца таксама на аперацыі па папаўненні бягучага рахунку гатоўкай.
У бюджэт ФСАН «улілі» амаль 600 мільёнаў рублёў субвенцый з рэспубліканскага бюджэту
У бюджэт Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва за студзень-травень «улілі» 579 мільёнаў 300 тысяч рублёў субвенцый з рэспубліканскага бюджэту. Гэтая інфармацыя размешчана на сайце фонду. У студзені-траўні бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага ФСАН быў выкананы з прафіцытам. Гэта значыць даходы перавысілі выдаткі. Нагадаем, у 2018 годзе ўлады выступалі з крытыкай выканання бюджэту ФСАН. Тады гаварылася аб тым, што за 6 гадоў дэфіцыт Фонду вырас у 9 разоў.
З 1 ліпеня ўсталяваныя новыя разліковыя цэны на каштоўныя металы
З 1 ліпеня ў Беларусі ўсталяваныя новыя разліковыя цэны на каштоўныя металы, якія прымаюцца ў Дзяржаўны фонд – аб гэтым паведаміла прэс-служба Міністэрства фінансаў. Як вынікае з паведамлення Мінфіна, расцэнкі на самыя папулярныя каштоўныя металы – срэбра і золата – з надыходам ліпеня нязначна падраслі, а вось, да прыкладу, родзій патаннеў амаль удвая. З 1 ліпеня ў Беларусіу рублях за 1 грам:
чыстага золата даюць 176 рублёў 62 капейкі;
срэбра – 2 рубля 9 капеек;
плаціна – 83 рубля 7 капеек.
Нагадаем, да гэтага Мінфін мяняў цэны на каштоўныя металы ў пачатку чэрвеня – тады яны былі зніжаны па ўсіх пазіцыях.
Літоўскія „дочкі” беларускіх ІТ-кампаній працягваюць скарачаць штат работнікаў
Гэта датычыць ў тым ліку самай буйной такой фірмы – EPAM Sistemоs. Штат EPAM Sistemos на 2 ліпеня складаў 1386 чалавек. Для параўнання: у пачатку гэтага года іх было амаль 1500. У літоўскім офісе Wargaming зараз працуе 988 чалавек. У канцы траўня іх было 993. Нагадаем, у Літве працуе не менш як 42 кампаніі з беларускім капіталам. Мінулы год стаў рэкордным па прытоку беларускага бізнесу ў гэтую краіну. Вялікую ролю ў гэтым працэсе адыгралі фірмы тэхналагічнага сектара.
Беларускае Радыё Рацыя