Украіна аказала Беларусі аварыйную дапамогу электраэнергіяй



Украіна аказала Беларусі аварыйную дапамогу электраэнергіяй 16 студзеня, калі ад сеткі быў адключаны першы энергаблок Беларускай АЭС. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні нацыянальнай энергетычнай кампаніі „Укрэнерга” аб працы энергасістэмы ў перыяд 11—17 студзеня.

„16 студзеня ў 18.02 па кіеўскім часе энергаблок № 1 Беларускай АЭС аварыйна адключыўся ад сеткі (12 студзеня ў 19.57 быў выведзены на магутнасць 1.170 МВт), — адзначылі ў энергетычнай кампаніі. — Згодна са звесткамі Міністэрства энергетыкі Беларусі, спрацавала сістэма аховы генератара падчас доследна-прамысловай эксплуатацыі энергаблока”.

Паколькі беларуская і ўкраінская энергасістэмы сінхранізаваныя і працуюць паралельна, у аб’яднанай энергасістэме Украіны зафіксавалі зніжэнне частаты да 49,92 герц, якая неўзабаве была адноўленая да намінальнага ўзроўню 50 Гц.

„У 18.42 таго ж дня энергасістэмай Беларусі была актываваная аварыйная дапамога з энергасістэмы Украіны на 200 МВт у сувязі з аварыйным адключэннем энергаблока на Беларускай АЭС, у 18.50 было дадаткова актываванае яшчэ 100 МВт. У 19.00 яна была дэактываваная. Сумарная велічыня аварыйнай дапамогі склала 76,7 МВт∙г (76,7 тыс. кВт∙г)”, — гаворыцца ў паведамленні „Укрэнерга”.

Увечары 16 студзеня прэс-служба Мінэнерга Беларусі паведаміла аб адключэнні першага блока БелАЭС пасля спрацоўвання сістэмы аховы генератара. „Сістэма аховы спрацавала падчас доследна-прамысловай эксплуатацыі першага энергаблока, у межах якога праводзіцца тэставанне сістэм і абсталявання. Радыяцыйны фон у раёне станцыі ў норме”, — адзначылі ў міністэрстве.

Прэс-служба дзяржаўнага вытворчага аб’яднання „Белэнерга” паведаміла, што энергасістэма краіны працуе ўстойліва.

Беларуская АЭС будуецца блізу Астраўца (Гродзенская вобласць), недалёка ад мяжы з Літвой, за кошт крэдыту Расіі паводле расійскага праекта ВВЭР-1200. Генеральным праекціроўшчыкам і генпадрадчыкам збудавання станцыі выступае кампанія „АСЭ”, якая ўваходзіць у структуру дзяржкарпарацыі „Расатам”.

Выпрацоўка электраэнергіі на першым блоку БелАЭС пачалася 3 лістапада мінулага года. 8 лістапада выпрацоўка электрычнасці спынілася. 9 лістапада ананімныя крыніцы ў беларускіх тэлеграм-каналах заявілі, што турбіну спынілі з-за выхаду з ладу трансфарматараў напружання на адным з агрэгатаў. Крыху пазней прэс-служба Мінэнерга паведаміла, што падчас выпрабаванняў на першым блоку „выяўленая неабходнасць замены асобнага электратэхнічнага вымяральнага абсталявання”.

Часовае прыпыненне пастаўкі электраэнергіі з БелАЭС Мінэнерга пацвердзіла 10 лістапада, адзначыўшы, што гэта „прадугледжана праграмай этапу „Энергетычны пуск”. 19 лістапада Міністэрства дало справаздачу аб паўторным уключэнні блока ў сетку пасля замены некаторага абсталявання і выпрабаванняў.

1 снежня прэс-служба Мінэнерга паведаміла, што пасля прадугледжанага праграмай выпрабаванняў скіду пара была выяўленая неабходнасць „дадатковага карэктавання працы накрывак шумапаглынальнікаў пара”. Тады падкрэслівалася, што блок застаецца ўключаным у сетку.

3 снежня міністэрства абвясціла аб планавым прыпыненні рэактара першага энергаблока атамнай станцыі і адключэнні блока ад энергасістэмы для тэставання сістэм і абсталявання. 21 снежня Мінэнерга паведаміла аб заканчэнні этапу энергетычнага пуску блока, яго падключэнні да сеткі і пераходзе да этапу доследна-прамысловай эксплуатацыі.

13 студзеня гэтага года Мінэнерга паведаміла аб выхадзе першага блока на 100-працэнтную магутнасць. У той жа дзень намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк сказаў вузкаму колу журналістаў, што на цяперашнім этапе асваення 100-працэнтнай магутнасці энергаблока запланаваны комплекс выпрабаванняў, падчас якіх будзе ажыццёўлены скід нагрузкі аж да нуля, а таксама поўнае спыненне рэактара.

У адпаведнасці з указам Аляксандра Лукашэнкі ажыццявіць увод у эксплуатацыю першага энергаблока БелАЭС загадана ў 2021 годзе (без указання канкрэтнага месяца, квартала або паўгоддзя), а двухблочнай атамнай станцыі ў цэлым — у першай палове 2022 года.

belapan.by