Украіна больш не купляе паліва ў Беларусі
Украіна больш не купляе паліва ў Беларусі, усе пастаўкі робяцца выключна краінамі ЕС, паведаміў у інтэрв’ю Financial Times міністр інфраструктуры Украіны Аляксандр Кубракоў.
Праз вайну, па словах міністра, Украіна вымушаная купляць паліва «усюды, дзе можна дастаць», у тым ліку ў Бельгіі і Нідэрландах.
Украіна была адным з найбуйнейшых пакупнікоў беларускага паліва. Амаль толькі на яе працаваў завод у Мазыры, актыўна працавалі там і беларускія бізнэсоўцы, у тым ліку Мікалай Варабей.
Для Украіны Беларусь была галоўным пастаўшчыком паліва, у той час, як праз межы з краінамі Еўрасаюза — Польшчай, Румыніяй, Венгрыяй, Славакіяй — пастаўлялася толькі 5%. Цяпер гэтая доля вырасла да 100%, а ва Украіну штодня заязджаюць да 230 бензавозаў. Дастаўляць паліва праз Чорнае мора з Румыніі і Азербайджана, як гэта рабілася раней, цяпер магчымасці няма.
Дадаткова сітуацыю з палівам ускладняе знішчэнне ў выніку авіяўдару адзінага ва Украіне буйнога нафтаперапрацоўчага завода ў Краменчугу, на які прыпадала каля 40% паставак бензіну і дызельнага паліва.
Паводле слоў Кубракова, сітуацыя з палівам ва Украіне стабілізуецца да восені. Да таго часу Кіеў падпіша больш доўгатэрміновыя кантракты з замежнымі пастаўшчыкамі.