Украіна гатовая дапамагчы Беларусі ў пастаўках нерасейскай нафты



Украіна гатовая даць сваю інфраструктуру на ільготных умовах Беларусі для транспарціроўкі нерасейскай нафты, паведаміла БелаПАН крыніца, якая ўдзельнічала ў адпаведных перамовах.

Нагадаем, сёлета Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду прапрацаваць розныя варыянты для пошуку альтэрнатывы расейскай нафты.

„Пытанне паставак нерасейскай нафты ў Беларусь праз тэрыторыю Украіны прадметна абмяркоўвалася. Больш за тое, украінская чыгунка ўжо выказала гатоўнасць даваць значную зніжку, калі нафта будзе пастаўляцца ў Беларусь чыгуначным транспартам”, — паведаміў БелаПАН удзельнік перамоў.

Пры гэтым ён звярнуў увагу, што лагістычныя выдаткі на закупку нерасейскай нафты будуць у любым выпадку вышэйшыя, чым на куплю расейскай вуглевадароднай сыравіны.

„Дастаўка нафты трубаправодным шляхам — самы танны варыянт. Альтэрнатыўныя варыянты лагістыкі — гэта заўсёды даражэй. Дастаўка нафты танкерам, паслугі порта, нафтабазы — гэта ўсё каштуе грошай і падаражае лагістыку”, — адзначыў суразмоўца.

Таму, растлумачыў ён, каб апраўдаць больш дарагую лагістыку, Беларусі трэба дамаўляцца пра зніжку пры закупцы нерасійскай нафты.

Прадстаўнікі даследчых арганізацый дапускаюць, што Беларусь у будучыні можа імпартаваць нафту праз украінскую тэрыторыю.

„Праз Украіну ў Беларусь можа быць дастаўленая і азербайджанская, і казахстанская, і саудаўская нафта. Венесуэльская нафта ў свой час транспартавалася ў Беларусь праз украінскі нафтаправод Адэса — Броды, і цалкам магчыма, што такі лагістычны варыянт можа быць выкарыстаны зноў”, — адзначыў у каментары БелаПАН дырэктар па энергетычных праектах навукова-тэхнічнага цэнтра „Псіхея” Генадзь Рабцаў.

Ці будзе нерасейская нафта для Беларусі выгадная, залежыць ад лагістыкі і ўмоў продажу сыравіны, мяркуе кіраўнік аддзела аналізу і маркетынгавых даследаванняў кампаніі Refinitiv Аляксандр Шкурын.

„Казахстан істотна павялічыў здабычу нафты і зацікаўлены ў продажы гэтай сыравіны. Дысконт да цаны нафты, які можа прапанаваць Казахстан, напэўна, кампенсаваў бы дадатковыя лагістычныя выдаткі Беларусі на пастаўку нафты праз Украіну”, — выказаў меркаванне эксперт у гутарцы з карэспандэнтам БелаПАН.

Намеснік генеральнага дырэктара Мазырскага НПЗ Алег Пратасаў на мінулым тыдні пацвердзіў журналістам, што беларускі бок (з удзелам Беларускай нафтавай кампаніі) вядзе перамовы і абмяркоўвае закупку розных гатункаў нафты.

„Цэнтралізавана займаецца працай у гэтым кірунку, у першую чаргу праз Беларускую нафтавую кампанію. Разглядаюцца розныя напрамкі, тэхнічна наш завод цяпер гатовы перапрацаваць практычна любую нафту свету”, — паведаміў Пратасаў, адказваючы на пытанні БелаПАН.

belapan.by