Украіна і Беларусь дамаўляюцца пра сумесную вытворчасць камбайнаў
Ва Украіне на базе „Харкаўскага трактарнага завода” плануецца вырабляць сумесныя з „Гомсельмашам” камбайны. Пра гэта заявіў у Харкаве ў межах міжнароднага эканамічнага форуму „Інавацыі. Інвестыцыі. Харкаўскія ініцыятывы” генеральны дырэктар ХТЗ Уладзіслаў Губін. Украінскі бок дамаўляецца пра стварэнне сумеснага прадпрыемства з холдынгам „Гомсельмаш” па вытворчасці камбайнаў пад маркай „ХТЗ”.
На думку эканамічнага аглядальніка Аляксандра Сінкевіча, Беларусь – самы зручны і выгадны партнёр для ўкраінскіх прадпрыемстваў вытворчасці сельгастэхнікі.
– Украінская тэрыторыя была і будзе жытніцай, сельскагаспадарчай тэрыторыяй, бо там ёсць чарназём. І пытанне: дзе яны будуць купляць сельгастэхніку? Купляць яе ў Расеі ў іх няма ні жадання, ні магчымасці. У Еўропе – вельмі дорага. Беларусь спрабуе зараз у хуткім тэмпе заняць вось гэтую нішу. І я думаю, што свой кавалак рынку яна адцісне.
„Нашы прадстаўнікі вядуць перамовы ў Беларусі пра стварэнне сумеснага прадпрыемства, якое будзе пастаўляць камбайны рэгіёнам Украіны. Да канца гэтага года мы плануем сабраць доследныя ўзоры камбайна, а з 2015 года пачаць серыйную вытворчасць”, — адзначыў гендырэктар ХТЗ.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя
Фота oreluchet.ru