Украіна хоча імпартаваць беларускія нафтапрадукты водным шляхам



 Украіна хоча выкарыстоўваць водны транспарт для імпарту беларускіх нафтапрадуктаў.

„Менавіта выкарыстанне воднага, а не чыгуначнага транспарту дазволіць знізіць тарыф на транспартаванне нафтапрадуктаў як па тэрыторыі Украіны, так і па тэрыторыі Беларусі. У выніку гэта дасць эфект зніжэння цаны на паліва ва Украіне”, — заявіў віцэ-прэм’ер-міністр рэгіянальнага развіцця, будаўніцтва і ЖКГ Украіны Генадзь Зубко паводле вынікаў 26-га пасяджэння міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, якое адбылося 11 кастрычніка ў Гомелі.

Згодна са словамі чыноўніка, якія прыводзіць яго прэс-служба са спасылкай на ўкраінскі тэлеканал „Прямой”, гаворка ідзе пра водны шлях Прыпяць — Кіеў — ДРЭС і працяг суднаходства па рацэ Дняпро. Яго выкарыстанне, адзначыў Зубко, разгрузіць Украінскую чыгунку і вызваліць „вялікую колькасць грузавых вагонаў”.

Як паведаміў віцэ-прэм’ер, беларускія нафтапрадукты займаюць прыкладна 40% украінскага рынку.

Масква кулуарна неаднаразова выказвала незадаволенасць Менску з-за паставак Украіне нафтапрадуктаў, выпрацаваных з расейскай сыравіны альбо наўпрост рээкспартаваных. З лістапада 2018 года РФ спыняе экспарт у Беларусь цёмных нафтапрадуктаў.

БелаПАН