Украіна хутка адключыцца ад супольнай з Беларуссю электрасеткі
З пачатку 2021 года Украіна была адзіным пакупніком беларускай электраэнергіі. Але ў планах Украіны — хутка адключыцца ад сеткі Расеі і Беларусі і далучыцца да ENTSO-E.

На саміце Украіна — ЕЗ 12 кастрычніка ў Кіеве пацвердзілі поўную палітычную падтрымку інтэграцыі Украіны з электрасеткай Еўрапейскага Звяза ENTSO-E.
Пра гэта заявіў кіраўнік украінскага МЗС Дзмітрый Кулеба. «Наша электрасетку будзе далучана да еўрапейскай, — сказаў міністр. — Мы адлучымся ад электрычных сетак Расеі і Беларусі. Гэта ўзмоцніць нашу энергетычную незалежнасць, створыць дадатковыя рынкавыя магчымасці для ўкраінскіх вытворцаў і пастаўшчыкоў электраэнергіі зарабляць грошы на рынку Еўрапейскага Звяза».
Эксперты адзначаюць, што гэты працэс будзе звязаны з мноствам праблем, і палохаюць, што плаціць за іх давядзецца ўкраінцам са сваёй кішэні.
Перападключэнне адбудзецца ў 2023 годзе. Цяпер украінская энергасістэма працуе сінхронна з энергасістэмамі Расеі і Беларусі.
З пачатку 2021 года Украіна была адзіным пакупніком беларускай электраэнергіі.
