Украіна мае намер забараніць пастаўкі электраэнергіі з Беларусі і Расеі
Пытанне аб часовай забароне імпарту электраэнергіі з Беларусі і Расеі вынесенае на пасяджэнне Нацыянальнай камісіі Украіны, якая ажыццяўляе дзяржрэгуляванне ў сферы энергетыкі і камунальных паслуг (НКРЕКП). Пасяджэнне адбудзецца 26 мая, сведчыць апублікаваны на сайце камісіі парадак дня.
У матэрыялах да пасяджэння фігуруе праект пастановы НКРЕКП „Аб доступе да прапускной здольнасці міждзяржаўных сячэнняў”.
Гэтым дакументам анулююцца вынікі гадавых аўкцыёнаў па размеркаванні на 2021 год прапускной здольнасці міждзяржаўных ліній паміж Украінай і краінамі па-за Энергетычнай супольнасцю (у выпадку з Украінай — Беларусь і РФ). Аператар сістэмы перадачы, згодна з пастановай, павінен будзе кампенсаваць пераможцам аўкцыёнаў сродкі, якія былі выплачаныя за размеркаваную прапускную здольнасць.
У пастанове таксама ўтрымліваецца пункт аб зніжэнні да нуля прапанаванай да размеркавання на месячных і сутачных аўкцыёнах прапускной здольнасці ліній для імпарту электраэнергіі з Беларусі з РФ.
Дзеянне дакумента не тычыцца маламагутных ліній электраперадачы 110 кВ Дабранка — Церахоўка, 110 кВ Славуціч — Камарын, 35 кВ Картэлісы — Макраны і 0,4 кВ Кашары — Рытэц, якія забяспечваюць сілкаванне прымежных населеных пунктаў Украіны і Беларусі.
Нормы пастановы, калі яе прымуць, будуць дзейнічаць да 1 кастрычніка.
З пачатку 2021 года Украіна выступае адзіным пакупніком беларускай электрычнасці. Згодна з звесткамі Нацыянальнай энергетычнай кампаніі „Укрэнерга”, за студзень—красавік было набыта 511,64 млн кілават-гадзін электраэнергіі з Беларусі, што склала 54% усяго імпарту.
Украіна пачала імпартаваць электрычнасць з Беларусі ў рэжыме камерцыйных паставак у сярэдзіне 2019 года, у красавіку 2020-га НКРЕКП прыняла пастанову аб прыпыненні імпарту. 5 студзеня 2021 года „Укрэнерга” абвясціла аб аднаўленні імпарту з Беларусі ў сувязі з тым, што красавіцкае рашэнне НКРЕКП страціла сілу з пачатку года.
У сярэдзіне сакавіка прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў адказе на запыт аднаго з народных дэпутатаў падкрэсліў, што падтрымлівае пазіцыю аб абмежаванні імпарту электраэнергіі з дзяржаў, якія не з’яўляюцца членамі Энергетычнай супольнасці — міжнароднай арганізацыі, што аб’ядноўвае Еўрасаюз і краіны-суседзі ў мэтах стварэння адзінага агульнаеўрапейскага энергетычнага рынку. Беларусь і Расія ў гэтую арганізацыю не ўваходзяць.
„У сувязі з гэтым я звярнуўся да прэм’ер-міністра Украіны Дзяніса Шмыгаля з просьбай усебакова разгледзець пытанні, узнятыя ў вашым дэпутацкім запыце, і ўвесці комплекс дзейсных мер па <…> абмежаванні імпарту электрычнай энергіі з дзяржаў, якія не з’яўляюцца членамі Энергетычнай супольнасці”, — гаварылася ў адказе Зяленскага.
15 красавіка Вярхоўная рада Украіны прыняла папраўкі ў заканадаўства, якія да канца года надзялілі НКРЕКП паўнамоцтвамі абмяжоўваць доступ да міждзяржаўных электраэнергетычных сувязяў з краінамі па-за Энергетычнай супольнасці. Гэты механізм уведзены для тэхнічнай забароны імпарту электрычнасці з Беларусі і Расіі, аднак, нягледзячы на чаканні аўтараў заканадаўчых паправак, украінскі рэгулятар да гэтага часу не прыняў адпаведнае рашэнне.
18 мая міністр энергетыкі Украіны Герман Галушчанка накіраваў у НКРЕКП зварот з просьбай забараніць імпарт электраэнергіі з Расіі і Беларусі. Ён адзначыў, што імпарт электраэнергіі з дзяржаў, якія не з’яўляюцца членамі Энергетычнай супольнасці, „супярэчыць стратэгічным мэтам Украіны ў сферы энергетыкі, у прыватнасці сінхранізацыі Аб’яднанай энергетычнай сістэмы Украіны з ENTSO-E, і патэнцыйна пагражае энергетычнай бяспецы”.
Украіна мае намер адлучыцца ад энергасістэм Беларусі і Расіі да канца 2023 года.
Фота: Energigaz.ru