Украіна можа забараніць імпарт электраэнергіі з Беларусі да канца 2021 года
Украіна можа забараніць імпарт электраэнергіі з Беларусі да канца 2021 года. Гэта прадугледжана законапраектам, які ўносіць папраўкі ў закон „Аб рынку электрычнай энергіі”. Дакумент апублікаваны на партале Вярхоўнай рады Украіны.
Ініцыятарам законапраекта з’яўляецца прэм’ер-міністр Дзяніс Шмыгаль. 15 чэрвеня дакумент быў унесены ва ўкраінскі парламент, а 16-га — перададзены ў парламенцкі камітэт па энергетыцы і жыллёва-камунальных паслугах.
Як гаворыцца ў тлумачальнай запісцы да дакумента, сярод іншага ён прадугледжвае, што „для забеспячэння стабілізацыі сітуацыі на рынку электрычнай энергіі і забеспячэння стабільнай працы энергетычнай сістэмы Украіны, а таксама стварэння роўных справядлівых умоў на рынках электрычнай энергіі часова прыпыняецца імпарт электраэнергіі з дзяржаў, якія не з’яўляюцца членамі Энергетычнай супольнасці”.
Энергетычная супольнасць — арганізацыя Еўрасаюза і шэрагу краін-суседзяў, якія імкнуцца да стварэння адзінага агульнаеўрапейскага энергетычнага рынку. Беларусь у гэтую супольнасць не ўваходзіць.
Законапраект прадугледжвае забарону да 31 снежня 2021 года на продаж і (або) пастаўку электраэнергіі, імпартаванай з краін па-за Энергетычнай супольнасці па двухбаковых дагаворах, на рынку „на суткі наперад”, унутрысутачным і балансуючым рынках. Выключэнне складае імпарт электрычнасці з краін па-за супольнасці „для забеспячэння паралельнай працы і атрымання аварыйнай дапамогі”.
БелаПАН паведамляў, што 8 красавіка Нацыянальная камісія Украіны, якая ажыццяўляе дзяржрэгуляванне ў сферах энергетыкі і камунальных паслуг, часова прыпыніла імпарт электраэнергіі з Беларусі і шэрагу іншых дзяржаў у сувязі з пандэміяй COVID-19. На думку камісіі, ва ўмовах некантраляванага распаўсюджвання каранавіруса ў краінах па-за Энергетычнай супольнасці ўзнікае „рызыка фізічнай магчымасці невыканання дагаворных абавязацельстваў”, бо можа знізіцца колькасць персаналу, неабходная для вытворчасці і перадачы электраэнергіі. Такім чынам, ствараецца пагроза бяспецы паставак электрычнасці, што можа прывесці да вельмі негатыўных наступстваў.
Забарона на перадачу электраэнергіі па лініях, якія злучаюць Украіну з Беларуссю, дзейнічала да канца красавіка, затым была працягнутая да канца мая, а пасля — да канца чэрвеня. Выключэнне зробленае для ліній электраперадачы 110 кВ Дабранка — Церахоўка, 110 кВ Славуціч — Камарын, 35 кВ Картэлісы — Макраны і 0,4 кВ Кашары — Рыцец. Гэтыя лініі, як адзначылі ў камісіі, забяспечваюць „тупіковае сілкаванне прымежных населеных пунктаў Украіны і Рэспублікі Беларусь, <…> з’яўляюцца адзінымі крыніцамі энергіі для адпаведных населеных пунктаў Украіны і Беларусі і не маюць альтэрнатыўных крыніц энергіі для канчатковых спажыўцоў”.
Перадача электраэнергіі па асноўных і найбольш магутных міждзяржаўных ЛЭП 330 кВ Гомель — Чарнігаў і 330 кВ Мазыр — Чарнобыльская АЭС была заблакаваная.
З пачатку года пастаўкі беларускай электраэнергіі ва Украіну пастаянна зніжаліся. Згодна са звесткамі Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі, у студзені ў гэтую краіну было экспартавана 93,185 млн кілават-гадзін электрычнасці, у лютым — 49,048 млн, сакавіку — 7,887 млн, красавіку — 2,898 млн. Даных за май пакуль няма, аднак згодна з інфармацыяй „Укрэнерга” ў мінулым месяцы Украіна не імпартавала ніводнай кілават-гадзіны электрычнасці з Беларусі.
Украінскія ўлады, уключаючы прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага і прэм’ер-міністра Дзяніса Шмыгаля, заяўлялі пра неабходнасць абмежаваць імпарт электрычнасці з Беларусі, каб дапамагчы сваім вытворцам, перш за ўсё шахцёрам.
Беларусь жа, наадварот, чакае росту попыту на сваю электраэнергію ва Украіне. 25 лютага Міністэрства энергетыкі ўхваліла канцэпцыю развіцця электрагенеравальных магутнасцяў і электрычных сетак да 2030 года, згодна з якой прагназуецца павелічэнне экспарту электраэнергіі ў сувязі з тым, што пасля сінхранізацыі энергасістэмы Украіны з Еўрапейскай сеткай сістэмных аператараў перадачы электраэнергіі (ENTSO-E) цана на электрычнасць у гэтай краіне вырасце.