Украіна не плануе купляць беларускую электраэнергію ў 2021 годзе



Прагнозны баланс электраэнергіі ва Украіне на 2021 год не прадугледжвае яе імпарту з Беларусі і экспарту ўкраінскай у Беларусь. Пра гэта было заяўлена 4 лістапада на нарадзе в. а. міністра энергетыкі Украіны Вольгі Буславец з кіраўніцтвам энергагенеруючых кампаній, „Укрэнерга” і іншых прадстаўнікоў галіны.

„Прагнозны баланс падрыхтаваны своечасова, — цытуе чыноўніцу прэс-служба Мінэнерга Украіны. — Былі максімальна ўлічаныя прапановы энергагенеруючых кампаній, графікі рамонтаў энергаблокаў атамных, цеплавых электрастанцый і цеплаэлектрацэнтраляў, чаканы ўзровень вытворчасці аб’ектамі аднаўляльнай энергетыкі, якая патрабуе дадатковага балансавання”.

Паведамляецца, што на ўкраінскіх АЭС у 2021 годзе плануецца вырабіць 75,233 млрд кілават-гадзін электраэнергіі, на цеплавых электрастанцыях — 41,14 млрд кВт·гадз, цеплаэлектрацэнтралях — 12,79 млрд, гідраэлектрастанцыях — 5,287 млрд, гідраакумулюючых станцыях — 1,748 млрд, сонечных і ветраных электрастанцыях — 13,12 млрд.

Нагадаем, у сярэдзіне мінулага года ва Украіне быў сфармаваны новы электраэнергетычны рынак, і замежныя вытворцы электрычнасці, уключаючы дзяржаўнае вытворчае аб’яднанне „Белэнерга”, атрымалі магчымасць прадаваць яе ўкраінскім кампаніям-трэйдарам.

За другую палову 2019 года Беларусь экспартавала ва Украіну 852 млн 137,3 тыс. кілават-гадзін электраэнергіі на 45,57 млн долараў. Такім чынам, Украіна стала другім па аб’ёме паставак рынкам збыту беларускай электраэнергіі пасля Літвы, на яе долю прыпала амаль 36% экспарту.

Аднак у 2020 годзе Украіна стала планамерна зніжаць куплю беларускай электраэнергіі, пакуль цалкам ад яе не адмовілася. Так, паводле даных „Укрэнерга”, у студзені 2020 года з Беларусі было імпартавана 93,013 млн кВт·гадз электраэнергіі, у лютым — 48,882 млн, сакавіку — 7,713 млн, красавіку — 2,7 млн (паводле інфармацыі Белстата — 93,185 млн, 49,048 млн, 7,887 млн і 2,898 млн кВт·гадз адпаведна). З мая камерцыйныя пастаўкі электраэнергіі з Беларусі ва Украіну не ажыццяўляюцца.

Разам з тым у сярэдзіне лета Беларусь пасля доўгага перапынку пачала імпартаваць украінскую электраэнергію. У прэс-службе Міністэрства энергетыкі, каментуючы гэтую падзею, заявілі, што „гаворка ідзе пра ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва на парытэтнай аснове, калі пры тэхнічнай магчымасці і эканамічнай мэтазгоднасці ажыццяўляюцца ўзаемавыгадныя пастаўкі электраэнергіі ў межах энергасістэм дзвюх краін”.

У выніку з ліпеня па верасень Беларусь імпартавала з Украіны 82,8 млн кВт·гадз электраэнергіі, экспарт жа так і не аднавіўся.

Варта зазначыць, што Беларусь чакала павелічэння попыту на сваю электраэнергію ва Украіне. 25 лютага Міністэрства энергетыкі ўхваліла канцэпцыю развіцця электрагенеруючых магутнасцяў і электрычных сетак на перыяд да 2030 года, у якой прагназуецца павелічэнне экспарту электраэнергіі ў сувязі з тым, што пасля сінхранізацыі энергасістэмы Украіны з Еўрапейскай сеткай сістэмных аператараў перадачы электраэнергіі (ENTSO-E) цана на электрычнасць у гэтай краіне вырасце.

belapan.by