Украіна пачынае антыдэмпінгавае расследаванне ў дачыненні да беларускай солі



Украіна пачынае антыдэмпінгавае расследаванне ў дачыненні да беларускай паваранай солі. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні міжведамаснай міжнароднай гандлёвай камісіі, апублікаваным у газеце „Урядовий кур’ер”.

Скаргу падала кампанія „Руссоль-Украіна”. Камісія ўстанавіла, што ў скарзе прыведзена дастаткова інфармацыі, на падставе якой можна лічыць, што яна пададзеная „належным нацыянальным таваравытворцам”. „У скарзе прыведзена дастаткова інфармацыі, згодна з якой імпарт ва Украіну солі паваранай выварнай гатунку экстра паходжаннем з Беларусі мог ажыццяўляцца па дэмпінгавых цэнах: экспартныя цэны былі ніжэйшыя за цэны продажу тавару на ўнутраным рынку Беларусі, пры гэтым узровень дэмпінгавай маржы не можа лічыцца мінімальным, а аб’ёмы імпарту нязначнымі”, — адзначаецца ў паведамленні.

На думку заяўніка, імпарт ва Украіну беларускага тавару „ажыццяўляўся ў такіх аб’ёмах і на такіх умовах, што магло прывесці да прычынення шкоды нацыянальнаму таваравытворцу”. Так, у 2016 годзе ў параўнанні з 2015-м доля імпарту з Беларусі вырасла на 3% (у I квартале 2017 года — на 77%), аб’ёмы вытворчасці заяўніка скараціліся на 3%, вытворчых магутнасцяў — на 3%, прыбытак — на 72% у доларавым эквіваленце, рэнтабельнасць — на 73% і ў першым квартале 2017 года стала адмоўнай.

На працягу 30 дзён з даты апублікавання гэтага паведамлення Мінэканамразвіцця ажыццяўляе рэгістрацыю зацікаўленых бакоў расследавання і разглядае патрабаванні адносна правядзення слуханняў.

Адзіны вытворца паваранай солі ў Беларусі — ААТ „Мазырсоль”, якое з’яўляецца адным з лідараў сярод вытворцаў вакуум-выварнай солі на тэрыторыі СНД і Еўропы.  БелаПАН