Украіна плануе скарачаць імпарт беларускай электрычнасці



У перыяд з 21 па 29 сакавіка імпарт электраэнергіі з Беларусі, а таксама Расеі і Малдовы „не прадбачыцца”, паведамляе прэс-служба нацыянальнай энергетычнай кампаніі „Укрэнерга” са спасылкай на распрацаваны кампаніяй прагноз балансаў магутнасці.

„Абмежаванне імпарту электраэнергіі да 0 МВт у названы перыяд звязанае з неабходнасцю выканаць межы аперацыйнай бяспекі энергасістэмы ў сувязі са значным зніжэннем спажывання ў аб’яднанай энергасістэме Украіны, — гаворыцца ў паведамленні. — Гэтыя нулявыя значэнні імпарту з’яўляюцца прагнознымі і могуць змяніцца ў залежнасці ад сітуацыі, якая будзе складвацца ў энергасістэме па факце”.

Паводле дадзеных „Укрэнерга”, у студзені гэтага года Украіна імпартавала з Беларусі 93,013 млн кілават-гадзін электрычнасці — 0,84% ад усёй электраэнергіі, выкарыстанай за месяц канчатковымі спажыўцамі. У лютым Украіна атрымала 48,882 млн КВт·гадз электрычнасці з Беларусі.

Паводле звестак Белстата, у 2019 годзе Украіна імпартавала 852,838 млн квт·гадз беларускай электраэнергіі на 45 млн 609,8 тыс. даляраў.

6 лютага гэтага года Аляксей Аржэль, які займаў у той час пасаду міністра энергетыкі і аховы навакольнага асяроддзя Украіны, падчас наведвання шахты „Міжрэчанская” ў Львоўскай вобласці разам з прэзідэнтам краіны Уладзімірам Зяленскім заявіў, што Украіна мае намер да мінімуму скараціць імпарт электраэнергіі з Беларусі, каб больш задзейнічаць уласныя магутнасці.

25 лютага на Усеўкраінскай нарадзе работнікаў вугальнай галіны Зяленскі падтрымаў заклік шахцёраў абмежаваць імпарт энергіі. „Пра які імпарт у цэлым можа ісці гаворка, калі краіны, з якіх мы імпартуем, не пускаюць нас на свае рынкі? Таму спачатку наш вугаль, нашы шахцёры, наша электраэнергія”, — заявіў украінскі прэзідэнт.

6 сакавіка былы ўкраінскі прэм’ер-міністр Арсень Яцанюк у студыі праграмы „Свабода слова Савіка Шустара” на тэлеканале „Украіна” заклікаў новага кіраўніка ўрада Дзяніса Шмыгаля спыніць куплю электраэнергіі з Беларусі і Расеі. Кіраўнік урада заявіў, што „абсалютна падтрымлівае сказанае”.

Варта зазначыць, што 25 лютага Міністэрства энергетыкі Беларусі ўхваліла канцэпцыю развіцця электрагенеруючых магутнасцяў і электрычных сетак на перыяд да 2030 года. У дакуменце прагназуецца павелічэнне экспарту электрычнасці ва Украіну і Расею. Украіна, адзначаюць аўтары канцэпцыі, плануе да 2022 года аддзяліць сваю энергасістэму ад энергасістэм Беларусі і Расеі і сінхранізаваць яе працу з Еўрапейскай сеткай сістэмных аператараў перадачы электраэнергіі (ENTSO-E).

„У выпадку тэхнічнай і эканамічнай інтэграцыі энергасістэм Украіны і Еўразвяза прагназуецца рост цаны на электрычную энергію на ўкраінскім рынку, што можа служыць штуршком да магчымасці росту экспарту электраэнергіі з Рэспублікі Беларусь ва Украіну. Для гэтага неабходна стварэнне ўстаўкі пастаяннага току магутнасцю да 1.000 МВт, будаўніцтва якой тэхнічна мэтазгоднае на лініі 330 кВ Гомель — Чарнігаў”, — гаворыцца ў канцэпцыі.

belapan.by