Украіна працягнула прыпыненне куплі электраэнергіі з Беларусі



Аўкцыйны офіс, які ажыццяўляе дыспетчарскае кіраванне аб’яднанай энергасістэмай Украіны, працягнуў да канца чэрвеня прыпыненне куплі электрычнай энергіі па асноўных міждзяржаўных лініях, якія звязваюць краіну з Беларуссю, паведамляецца на сайце ўкраінскай нацыянальнай энергетычнай кампаніі „Укрэнерга”.

Рашэнне прынятае ў адпаведнасці з пастановай Нацыянальнай камісіі Украіны, якая ажыццяўляе дзяржрэгуляванне ў сферах энергетыкі і камунальных паслуг, ад 8 красавіка „Аб дзеяннях удзельнікаў рынку электрычнай энергіі ў перыяд дзеяння каранціну і абмежавальных мерапрыемстваў, звязаных з распаўсюджваннем каранавіруснай хваробы”.

Дакумент быў прыняты ў сувязі з тым, што, на думку камісіі, ва ўмовах некантраляванага распаўсюджвання COVID-19 у дзяржавах па-за Энергетычнай супольнасцю (арганізацыі Еўрасаюза і шэрагу краін-суседзяў, якія імкнуцца да стварэння адзінага агульнаеўрапейскага энергетычнага рынку) узнікае „рызыка фізічнай магчымасці невыканання дагаворных абавязацельстваў”, бо можа знізіцца колькасць персаналу, неабходная для вытворчасці і перадачы электраэнергіі. Такім чынам, ствараецца пагроза бяспецы паставак электрычнасці, што можа прывесці да вельмі негатыўных наступстваў.

Гэтай пастановай была прыпыненая купля на сутачных і месячных аўкцыёнах электраэнергіі з Беларусі і іншых краін, якія не ўваходзяць у Энергетычную супольнасць, а таксама ануляваныя вынікі гадавых аўкцыёнаў па размеркаванні на 2020 год прапускных здольнасцяў ліній электраперадачы паміж Украінай і дзяржавамі па-за згаданай супольнасцю.

Разам з тым 15 красавіка камісія ўнесла ў пастанову папраўку, якая вывела з-пад яе дзеяння беларуска-ўкраінскія лініі электраперадачы 110 кВ Дабранка — Церахоўка, 110 кВ Славуціч — Камарын, 35 кВ Картэлісы — Макраны і 0,4 кВ Кашары — Рыцец. Гэтыя лініі, як адзначылі ў камісіі, забяспечваюць „тупіковае сілкаванне прымежных населеных пунктаў Украіны і Рэспублікі Беларусь, <…> з’яўляюцца адзінымі крыніцамі энергіі для адпаведных населеных пунктаў Украіны і Беларусі і не маюць альтэрнатыўных крыніц энергіі для канчатковых спажыўцоў”.

Перадача электраэнергіі па асноўных і найбольш магутных міждзяржаўных ЛЭП 330 кВ Гомель — Чарнігаў і 330 кВ Мазыр — Чарнобыльская АЭС была заблакаваная.

Паводле звестак „Укрэнерга”, за чатыры месяцы з пачатку года Украіна імпартавала 153,308 млн кВт·гадз беларускай электрычнасці: в студзені — 93,013 млн, лютым 48,882 млн, сакавіку — 7,713 млн, красавіку — 2,7 млн.

Варта зазначыць, што за ўвесь 2019 год, паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі, ва Украіну было пастаўлена 852,838 млн кВт·гадз беларускай электраэнергіі на 45 млн 609,8 тыс. долараў. Пры гэтым актыўны гандаль пачаўся ў сярэдзіне мінулага года — пасля таго, як ва Украіне быў сфармаваны новы электраэнергетычны рынак і замежныя вытворцы электрычнасці, уключаючы дзяржаўнае вытворчае аб’яднанне „Белэнерга”, атрымалі магчымасць прадаваць яе ўкраінскім кампаніям-трэйдарам. З моманту стварэння гэтага рынку штомесячны імпарт Украіны з Беларусі перавышаў 100 млн кВт·гадз, за выключэннем снежня, калі было пастаўлена 48,915 млн кВт·гадз.

Раней украінскія ўлады, уключаючы прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага і прэм’ер-міністра Дзяніса Шмыгаля, заявілі пра неабходнасць абмежавання імпарту электрычнасці з Беларусі ў сувязі з тым, што ў падтрымцы маюць патрэбу айчынныя вытворцы, перш за ўсё шахцёры. Беларусь жа, наадварот, прагназавала павелічэнне экспарту электраэнергіі з-за таго, што пасля сінхранізацыі энергасістэмы Украіны з Еўрапейскай сеткай сістэмных аператараў перадачы электраэнергіі (ENTSO-E) цана на электрычнасць у гэтай краіне вырасце.

belapan.by