Украіна просіць Беларусь зняць абмежаванні на пастаўку прадукцыі
Украінскі Савет Міністраў просіць беларускія ўлады паздымаць усе абмежаванні на пастаўкі ўкраінскай прадукцыі ў Беларусь. Пра гэта гаварылася падчас паседжання ўкраінска-беларускай працоўнай групы ў Кіеве.
Больш падрабязна распавядзе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.
– Яшчэ 27 жніўня пачала дзейнічаць пастанова беларускага Савета Міністраў № 666, якая ўскладніла санітарна-гігіенічную экспертызу шэрагу пазіцый імпартнай прадукцыі: бытавой тэхнікі, тавараў бытавой хіміі, аўтамабіляў і асабліва вырабаў харчовай прамысловасці.
Калі раней гігіенічная рэгістрацыя праводзілася толькі адзін раз і толькі пры першым увозе тавара, то з 27 жніўня такая ж працэдура прадугледжана кожны раз, калі ў Беларусь увозіцца новая партыя тавараў. Выявілася, што беларускія лабараторыі аказаліся не ў змозе апрацаваць усю плынь запросаў на экспертызу. У выніку, пацярпелі абодва бакі: і беларускі, і ўкраінскі. Асартымент танных і якасных украінскіх тавараў у нашай краіне істотна зменшыўся, як і мытныя пошліны. А ўкраінскія вытворцы, у сваю чаргу, атрымалі грашовыя страты.
Такое ўскладненне працэдуры эканамісты растлумачылі спробай Менска атрымаць дадатковыя прыбыткі і ад рэгістрацыі, і ад сістэмы штрафаў, прадугледжанай за рэалізацыю тавараў без рэгістрацыі. Перамовы ўкраінска-беларускай працоўнай групы працягваюцца.
Марцін Война, Беларуская Радыё Рацыя
Фота telegraf.com.ua