Украіна прыпыніла абмежаванне на імпарт з Беларусі
Да 15-га верасня Украіна прыпыніла рашэнне Міжведамаснай камісіі па міжнародным гандлі пра ўвядзенне спецыяльнай пошліны ў памеры 40% на імпарт шэрагу тавараў з Беларусі, якую планавалася ўвесці з 1-га траўня.
Раней паведамлялася, што ў лістападзе мінулага года ўкраінскі бок вырашыў увесці спецпошліну на малако і малочныя прадукты, сыры ўсіх відаў, кандытарскія і хлеба-булачныя вырабы, соладавае піва, гарэлку, мыйныя сродкі, розныя віды трактароў ды іншыя прадукты з Рэспублікі Беларусь. Абмежаванні планавалася ўвесці ў якасці адказу на недружалюбныя дзеянні з боку Беларусі ў дачынені да ўкраінскіх прадпрыемстваў кандытарскай і піваварнай галін. 28-га снежня ў Менску адбылося другое паседжанне беларуска-ўкраінскай рабочай групы высокага ўзроўню па пытаннях узаемнага гандлю, падчас якога бакі выказалі жаданне зняць абмежавальныя меры ў гандлі з абодвух бакоў.
Паводле kordon.com.ua
Фота politikus.ru
