Украіна прыпыніла куплю электраэнергіі з Беларусі



Нацыянальная камісія Украіны, якая ажыццяўляе дзяржаўнае рэгуляванне ў сферах энергетыкі і камунальных паслуг, на пасяджэнні 8 красавіка зацвердзіла пастанову «Аб дзеяннях удзельнікаў рынку электрычнай энергіі ў перыяд дзеяння каранціну і абмежавальных мерапрыемстваў, звязаных з распаўсюджваннем каронавіруснай хваробы». Відэазапіс пасяджэння апублікаваны на сайце камісіі.

Пастановай нацыянальнай энергетычнай кампаніі «Укрэнерга» даручана ануляваць вынікі гадавых аўкцыёнаў па размеркаванні на 2020 год прапускных здольнасцяў ліній электраперадачы паміж Украінай і дзяржавамі не з ліку ўдзельнікаў Энергетычнай супольнасці – міжнароднай арганізацыі, якая аб’ядноўвае Еўразвязу і краіны-суседзі ў мэтах стварэння адзінага агульнаеўрапейскага энергетычнага рынку. Беларусь у гэтую арганізацыю не ўваходзіць.

Акрамя таго, прапускныя здольнасці электраэнергетычных сувязяў паміж Украінай і краінамі па-за Энергетычнай супольнасці на месячных і сутачных аўкцыёнах размяркоўвацца не будуць. Менавіта паводле вынікаў такіх аўкцыёнаў Беларусь пастаўляла электраэнергію ва Украіну.

Камісія аргументавала сваё рашэнне тым, што ва ўмовах некантраляванага распаўсюджвання COVID-19 у дзяржавах па-за Энергетычнай супольнасці ўзнікае «рызыка фізічнай магчымасці невыканання дагаворных абавязацельстваў», бо можа знізіцца колькасць персаналу, неабходная для вытворчасці і перадачы электраэнергіі. Такім чынам, ствараецца пагроза бяспецы паставак электрычнасці, што можа пацягнуць вельмі негатыўныя наступствы.

У камісіі падкрэслілі, што прынятыя меры – часовыя.

Згодна са звесткамі «Укрэнерга», у студзені гэтага года Украіна імпартавала з Беларусі 93,013 млн кілават-гадзін электрычнасці – 0,84% ад усёй электраэнергіі, выкарыстанай за месяц канчатковымі спажыўцамі. У лютым ва Украіну было пастаўлена 48,882 млн квт·гадз беларускага электрычнасці. Даныя за сакавік пакуль не апублікаваныя.

Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі, у 2019 годзе Украіна імпартавала 852,838 млн квт·гадз беларускай электраэнергіі на 45 млн 609,8 тыс. долараў.

6 лютага гэтага года Аляксей Аржэль, які займаў у той час пасаду міністра энергетыкі і аховы навакольнага асяроддзя Украіны, падчас наведвання шахты «Міжрэчанская» ў Львоўскай вобласці разам з прэзідэнтам краіны Уладзімірам Зяленскім заявіў, што Украіна мае намер да мінімуму скараціць імпарт электраэнергіі з Беларусі, каб больш задзейнічаць уласныя магутнасці.

25 лютага на Усеўкраінскай нарадзе работнікаў вугальнай галіны Зяленскі падтрымаў заклік шахцёраў абмежаваць імпарт энергіі. «Пра які імпарт у цэлым можа ісці гаворка, калі краіны, з якіх мы імпартуем, не пускаюць нас на свае рынкі? Таму спачатку – наш вугаль, нашы шахцёры, наша электраэнергія», – заявіў украінскі прэзідэнт.

6 сакавіка новы кіраўнік украінскага ўрада Дзяніс Шмыгаль у студыі праграмы «Свабода слова Савіка Шустэра» на тэлеканале «Украіна» падтрымаў тэзісы іншых удзельнікаў аб неабходнасці спыніць куплю электраэнергіі з Беларусі і Расеі.

Варта зазначыць, што 25 лютага Міністэрства энергетыкі Беларусі ўхваліла канцэпцыю развіцця электрагенеравальных магутнасцяў і электрычных сетак на перыяд да 2030 года. У дакуменце прагназуецца павелічэнне экспарту электрычнасці ва Украіну і Расею. Украіна, адзначаюць аўтары канцэпцыі, плануе да 2022 года аддзяліць сваю энергасістэму ад энергасістэм Беларусі і Расеі і сінхранізаваць яе працу з Еўрапейскай сеткай сістэмных аператараў перадачы электраэнергіі (ENTSO-E).

«У выпадку тэхнічнай і эканамічнай інтэграцыі энергасістэм Украіны і Еўразвязу прагназуецца рост цаны на электрычную энергію на ўкраінскім рынку, што можа служыць штуршком да магчымасці росту экспарту электраэнергіі з Рэспублікі Беларусь ва Украіну. Для гэтага неабходнае стварэнне ўстаўкі пастаяннага току магутнасцю да 1.000 МВт, будаўніцтва якой тэхнічна мэтазгоднае на лініі 330 кВ Гомель – Чарнігаў», – гаворыцца ў канцэпцыі.

БелаПАН