Украіна ўводзіць пошліну на тэхніку МАЗа ў памеры 35%



Як паведамляе ўкраінская міжведамасная камісія па міжнародным гандлі, Беларусь стварыла штучныя бар’еры ў дачыненні да імпартаваных з Украіны колавых транспартных сродкаў у выглядзе ўтылізацыйнага збору і няроўных умоў удзелу ў дзяржзакупках, у выніку чаго абцяжарваецца доступ прадукцыі ўкраінскіх прадпрыемстваў на беларускі рынак.

Такія дзеянні Беларусі супярэчаць дамове аб зоне свабоднага гандлю і лічацца дыскрымінацыйнымі і недружалюбнымі, піша АФН.

У гэтай сувязі Украіна ўводзіць пошліну ў памеры 35% ад мытнага кошту на грузавікі, аўтобусы і спецтэхніку беларускай вытворчасці.

Рашэнне ўступіць у сілу праз 10 дзён.

Нагадаем, раней мэр Львова Андрэй Садовы адмовіўся закупляць аўтобусы МАЗ. Ён патлумачыў гэта як палітычнымі прычынамі, так і падтрымкай айчыннага вытворцы.