Украінскі Мікалаеў закупіць 23 аўтобусы МАЗа
Украінскі горад Мікалаеў закупіць 23 сучасныя аўтобусы Менскага аўтамабільнага завода для перавозкі пасажыраў на ўмовах лізінгу. Пра гэта стала вядома падчас сесіі гарадскога савета Мікалаева, якая прайшла 22 лістапада.
„Калі ўсё атрымаецца, то яшчэ да Новага года гэтыя камфортныя аўтобусы ўжо выйдуць на вуліцы Мікалаева і будуць перавозіць нашых грамадзян. Для гэтага ўжо ўсё гатова. Рашэнне сённяшняй сесіі было апошняй кропкай у гэтым пытанні”, – сказаў гарадскі кіраўнік Аляксандр Сянкевіч.
Аўтобусы будуць абсталяваныя аўтаматызаванай сістэмай аплаты праезду, сістэмай электроннага білета. Акрамя таго, яны прыстасаваны пад перавозку людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі.