Украінцы – лідары па пакупцы зямлі ў Польшчы
Украінцы летась выйшлі ў лідары па пакупцы зямельнай нерухомасці ў Польшчы. Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва Укрінформ. Падрабязней пра гэта – наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.
– Толькі летась грамадзяне Украіны атрымалі 134 дазволы Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы на набыццё зямлі, што складае каля 50% усіх дазволаў на куплю зямельнай нерухомасці, якія выдадзеныя іншаземцам. Для параўнання, у 2016 годзе ўкраінцы атрымалі 47% такіх дазволаў. Прычыны зацікаўленасці ўкраінскіх грамадзянаў у польскай зямельнай нерухомасці выключна эканамічная. Польскія аграрныя законы куды больш ліберальныя за ўкраінскія. Да таго ж у Польшчы значна лепшая аграрная інфраструктура і вышэйшая культура земляробства.
Паводле прагнозаў аналітыкаў, у бліжэйшыя часы цікаўнасць украінцаў да набыцця зямлі ў Польшчы будзе толькі ўзрастаць.
Беларускае Радыё Рацыя
