„Укртатнафта” заявіла, што гатова замясціць на рынку беларускія бензіны



Кампанія „Укртатнафта” праінфармавала ўрад Украіны аб гатоўнасці замясціць на рынку беларускія бензіны.

У афіцыйным паведамленні кампаніі сказана, што з-за спынення Беларуссю чыгуначнага транзіту нафтапрадуктаў з Літвы ва Украіну і ў сувязі з заявамі Беларусі аб магчымым спыненні паставак нафтапрадуктаў беларускай вытворчасці ПАТ „Укртатнафта” гатова павялічыць перапрацоўку нафты на 80%, паведамляе officelife.media.

Паводле ацэнкі кампаніі, яна ў тандэме з партнёрам «Укргазздабыча» зможа цалкам задаволіць попыт на бензін у Украіне ў выпадку наступу крызіснай сітуацыі.

Нарошчванне выпуску бензінаў ва Украіне будзе суправаджацца ростам прапановы дызельнага паліва, звадкаванага газу, бітуму, авіяцыйнага паліва.

Кампанія нагадвае, што для прадухілення крызісных з’яў на рынку нафтапрадуктаў неаднаразова прапаноўвала ўраду і дзяржорганам комплекс мераў рэагавання з трох пунктаў.

Першае. Абмежаваць імпарт нафтапрадуктаў з адной крыніцы доляй не больш за 30%.

Другое. Звярнуць увагу на неканкурэнтныя дзеянні імпарцёраў пры пастаўцы нафтапрадуктаў з Беларусі і Расеі.

Трэцяе. Выкараніць нелегальную вытворчасць нафтапрадуктаў без выплаты акцызнага падатку.

Па выніках 2021 года Беларусь нарасціла продажы бензінаў ва Украіну на 18%, да 1,01 млн т. Гэта склала 78% усяго імпарту бензінаў у краіну.