Улада ўзмацняе пакаранне для бізнесоўцаў
Міністэрства па падатках і зборах Беларусі ініцыюе ўзмацненне жорсткасці пакаранняў для бізнесоўцаў.
У прыватнасці, хочуць увесці крымінальную адказнасць для прадпрымальнікаў за непрадастаўленне ўліковых першасных дакументаў, перш за ўсё накладных ды іншых, якія пацвярджаюць легальнасць паступлення тавару.
Грамадскае аб’яднанне прадпрымальнікаў „Перспектыва” звярнулася ў Адміністрацыю Прэзідэнта. ІП-шнікі хочуць атрымаць афіцыйныя тлумачэнні з нагоды магчымага новага Закона аб крымінальнай адказнасці для прадпрымальнікаў за непрадстаўленне першасных уліковых дакументаў. „Перспектыве” стала вядома аб згубнай і неадэкватнай, па сваёй сутнасці, ініцыятыве аднаго з ведамстваў вышэйшай выканаўчай улады Рэспублікі Беларусь адносна працы бізнэсу ў краіне. Прадпрымальніцкая супольнасць абураная і катэгарычна не прыме такі Закон, а таксама будзе прымаць усе меры па яго непрыняцці, адзначае старшыня аб’яднання прадпрымальнікаў Анатоль Шумчанка, ён лічыць абсурднай прапанову чыноўнікаў:
– Гэта на наш погляд ужо яўны перагіб, можна сказаць, што не ўпершыню яны прадпрымаюць намаганні. Аднак цяпер яны яўныя і рэалізацыя іх вельмі высокая ў сувязі з эканамічнай сітуацыяй і тым неабходным кантролем, які яны хочуць устанавіць над усёй эканомікай і ў прыватнасці над малым бізнесам.
Пакуль за падобныя правапарушэнні прадугледжваецца канфіскацыя тавару, нагадвае Анатоль Шумчанка.
Па словах старшыні аб’яднання „Перспектыва” ўвядзенне крымінальнай адказнасці для бізнесоўцаў стане яшчэ адным крокам уладаў на шляху поўнага выціскання з рынку дробных прадпрымальнікаў.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя