Уладам свінні даражэйшыя за людзей?
У Маладэчне 31 сакавіка адбудзецца працоўная сустрэча па праблеме будаўніцтва свінакомплексу каля вёскі Соўлава. “Свінакомплекс на 100 тысяч галоў – гэта недапушчальна вялікі і неэкалагічны комплекс. Ён прывядзе да забруджвання паветра, грунтовых вод і глебы. Рашэнне мясцовых уладаў пра яго будаўніцтва прынясе шкоду навакольнаму асяроддзю і здароўю людзей», – адзначае каардынатар стваранай Партыі БХД па Меншчыне Павел Пракаповіч:
– Ёсць высновы эколагаў. Яны гавораць пра тое, што гэта будзе вельмі небяспечна. Гэта можа пагражаць навакольнаму асяроддзю гэтага рэгіёна. Можа прывесці наўпрост да катастрофы. Гэта праблема жыцця людзей: якім паветрам мы будзем дыхаць, на якой зямлі мы будзем вырошчваць прадукты, якую будзем ваду піць. Увогуле, здзіўляе стаўленне ўладаў да гэтай праблемы.
Паводле Паўла Пракаповіча, уладам прапанавалася пабудаваць замест аднаго вялікага чатыры свінакомплексы меншых памераў, але пакуль прапанову не падтрымалі. Маладэчанскі раённы выканкам прыняў рашэнне, якое дазваляе кампаніі «Велес-Міт» пабудаваць буйны свінакомлекс на падставе нібыта станоўчых экалагічных экспертызаў. Мясцовыя экалагічныя актывісты спрабуюць перашкодзіць планам уладаў.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота ecohome-ngo.by