Улады Беларусі пачынаюць road show



19 чэрвеня беларуская дэлегацыя пачынае серыю сустрэч з заходнімі інвестарамі (road show) для размяшчэння новых выпускаў еўрабондаў, паведамілі БелаПАН у Мінфіне.

Беларусь плануе размясціць два выпускі еўрабондаў на 5 і 10 гадоў. Арганізатарамі выпускаў выступяць Citi, Raiffeisen Bank International і Банк развіцця Беларусі. Сустрэчы з патэнцыйнымі інвестарамі адбудуцца ў Лондане, Цюрыху, Франкфурце, а таксама ў Лос-Анджэлесе, Нью-Ёрку і Бостане.

Бюджэт Беларусі прадугледжвае прыцягненне ў 2017 годзе 800 млн даляраў за кошт размяшчэння еўрааблігацый. Апошні раз беларускія ўлады выпускалі еўрабонды ў студзені 2011 года на сем гадоў, тэрмін іх пагашэння — 26 студзеня 2018 года. Даўгавыя паперы былі размешчаныя на 800 млн даляраў па стаўцы 8,95% гадавых.

Беларускія эканамісты лічаць, што кошт запазычанняў гэтым разам будзе залежаць ад наяўнасці ў Беларусі падпісанай крэдытнай праграмы з Міжнародным валютным фондам.

„Несумненна, у выпадку заключэння крэдытнай праграмы з МВФ кошт заходніх грошай будзе ніжэйшым. Наяўнасць такой праграмы — гэта выразны сігнал інвестарам, які сведчыць, што макраэканамічная сітуацыя ў краіне будзе прадказальнай”, — адзначыла эксперт Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC ) Кацярына Барнукова.

Пры гэтым, на думку аналітыкаў фінансавага рынку, найбліжэйшым часам праграму з МВФ Беларусі не ўдасца падпісаць, бо пакуль па шляху рэформаў, рэкамендаваных валютным фондам, краіна не рухаецца.

„Улады выказваюць жаданне заняць грошы да канца года, аднак малаверагодна, што да гэтага часу нам удасца выйсці на праграму з МВФ. Без праграмы з валютным фондам запазычанні на знешнім рынку могуць быць прыцягнутыя пад 6% гадавых, у выпадку заключэння праграмы з валютным фондам стаўка магла быць 5% і ніжэйшай”, — выказаў меркаванне старшы аналітык форэкс-брокера „Альпары” Вадзім Іосуб.

Падобныя ацэнкі выказваюць і іншыя эксперты. „Беларусь спраўна плаціла па даўгах, сфармавалася даволі станоўчая крэдытная гісторыя, і таму кошт запазычанняў будзе ніжэйшым, чым у 2010—2011 гадах. Без праграмы з МВФ грошы, напэўна, удасца заняць пад 7% гадавых, з праграмай — па стаўцы 5%” , — мяркуе Барнукова.

Пры гэтым яна падкрэсліла, што пры сучасных тэмпах росту ВУП Беларусі (за студзень—май — 0,9%) такі кошт запазычанняў з’яўляецца высокім.

„Каб апраўдваць запазычанні па стаўцы 5—7% гадавых, у нас павінны быць і тэмпы эканамічнага росту супастаўныя. Зараз гаворка ідзе хутчэй пра тое, што ў мэтах рэфінансавання дзярждоўгу трэба закрываць касавы разрыў, і таму ўлады пагаджаюцца на той кошт размяшчэння еўрааблігацый, які сфармуецца”, — рэзюмавала Барнукова.

Еўрабонды (еўрааблігацыі) — разнавіднасць доўгатэрміновых каштоўных папер. Гэта даўгавыя абавязацельствы, што цыркулююць на рынку еўравалют. Пазычальнікамі, якія выпускаюць еўрабонды, выступаюць урады, карпарацыі, міжнародныя арганізацыі, зацікаўленыя ў атрыманні грашовых сродкаў на працяглы тэрмін. Размяшчаюць еўрабонды інвестыцыйныя і камерцыйныя банкі. Гэтыя паперы лічацца адным з найбольш надзейных фінансавых інструментаў. Таму асноўнымі іх пакупнікамі з’яўляюцца інстытуцыянальныя інвестары: страхавыя і пенсійныя фонды, інвестыцыйныя кампаніі.