Улады Беларусі разлічваюць прыцягнуць 1,9 млрд даляраў на рэканструкцыю трасы
На рэканструкцыю адной з найбуйнейшых аўтадарог Беларусі М1/Е30 Берасце — Менск — мяжа Расейскай Федэрацыі неабходна 1,9 млрд даляраў, паведаміў у інтэрв’ю газеце „Рэспубліка” намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Сівак.
„Калі казаць аб рэканструкцыі трасы М1, то рэалізацыя гэтага праекта ўжо распачалася. Праўда, мы ўсе ацэньваем рэалізацыю, калі пачынаюцца будаўніча-мантажныя работы. Але гэтаму папярэднічае яшчэ праектная праца. І ідзе менавіта гэты працэс”, — сказаў Сівак.
„Галоўнае, мы вызначыліся, што хочам зрабіць. Гэта будзе аўтамагістраль бесперабойнага руху. У нас такіх дарог няма. І ў гэтай частцы мы ўжо вызначыліся. Гаворка ідзе пра суму 1,9 млрд даляраў. Працягласць дарогі складзе 610 кіламетраў. Што тычыцца крыніц — гэта крэдытныя сродкі. Ніхто сёння не будуе за кошт бюджэту такія праекты”, — адзначыў віцэ-прэм’ер.
Паводле яго слоў, цяпер вядуцца перамовы з рознымі банкамі на гэтую тэму. Што тычыцца практычнай рэалізацыі, то пачаць этап будаўніцтва плануецца ў другой палове 2023 года.
Раней паведамлялася, што ўлады Беларусі прапанавалі Азіяцкаму банку інфраструктурных інвестыцый прафінансаваць рэканструкцыю ўчастка трасы М1/Е30 Берасце — Менск — мяжа Расейскай Федэрацыі.
Нядаўна стала вядома, што паўдзельнічаць у праекце мадэрнізацыі гэтай аўтадарогі прапанавана і Расеі. „Акрамя маштабнага праекта па атамнай станцыі мы сваім расейскім калегам прапаноўваем удзельнічаць у такіх буйных інвестпраектах, як будаўніцтва азотнага комплексу на „Гродна Азот” і рэканструкцыя беларускага ўчастка дарогі М1″, — паведаміў намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Дзмітрый Круты, выступаючы ў красавіку на ўрачыстым сходзе з нагоды Дня яднання народаў Беларусі і Расеі.