Улады Беларусі з пачатку года заплацілі па даўгах больш за мільярд долараў
За студзень—люты ўрад і Нацбанк выплацілі па даўгах 1 млрд 81 млн долараў. Разам з тым золатавалютныя рэзервы за люты выраслі на 1,1%, сведчаць дадзеныя рэгулятара.
Як паведамляе Нацбанк, у лютым плацяжы дзяржавы па знешніх і ўнутраных абавязацельствах склалі 431 млн долараў. Раней паведамлялася, што ў студзені плацяжы склалі 650 млн долараў. Такім чынам, за студзень—люты плацяжы ўрада і Нацбанка па дзярждоўгу ўжо перавысілі мільярд долараў.
Пры фарміраванні прагнозу на год Нацбанк і ўрад ацэньвалі ўнутраныя і знешнія абавязацельствы на 2019 год на ўзроўні 4,9 млрд долараў.
Паводле дадзеных Нацбанка, на фоне выплат па дзярждоўгу золатавалютныя рэзервы на 1 сакавіка склалі 7 млрд 95,1 млн долараў і выраслі за люты на 1,1%.
У грашовым выражэнні рэзервы павялічыліся на 77,5 млн долараў пасля зніжэння на 139,9 млн долараў у студзені.