Улады Берасця аб’явілі пра продаж акцый 36 акцыянерных таварыстваў
У 2018 годзе ўлады Берасця гатовыя прадаць дзяржпакеты акцый у 36 адкрытых акцыянерных таварыствах. Гэта вынікае з планаў Берасцейскага аблвыканкама на гэты год.
Як удакладняе аблвыканкам, акцыі выстаўленыя на продаж у тых ААТ, якія „адчуваюць патрэбу ў інвестыцыях”. У большасці выстаўленых на продаж ААТ ўлады Берасця атовыя прадаць увесь пакет акцый, якія знаходзяцца ў камунальнай уласнасці.
У прыватнасці, аблвыканкам выставіў на продаж дзяржпакеты акцый „Брэстгандальтэхнікі”, „Белімпартгандлю”, „Крышталь-мага”, „Алесі”, Драгічынскага трактарарэмонтнага завода, Бярозаўскага маторарамонтнага завода і іншых акцыянерных таварыстваў, якія знаходзяцца ў камунальнай уласнасці.
Варта зазначыць, што на продаж выстаўленыя невялікія дзяржкампаніі — кошт іх пакетаў акцый не перавышае 10 млн рублёў.
Як паведамлялася раней, беларускія ўлады сёлета не чакаюць значных паступленняў у бюджэт ад прыватызацыі. Паводле звестак БелаПАН, Мінфін прагназуе, што у 2018 годзе паступленні бюджэту ад рэалiзацыi дзяржаўнай маёмасцi могуць скласці 254,7 млн рублёў (эквівалентна 125 млн долараў).
Намеснік міністра фінансаў Юрый Селіверстаў летам 2017 года адзначаў, што Мінфін не мае надзей на вялікія паступлення ад прыватызацыі. „Тэндэнцыі ў нашых суседзяў і ў сусветнай эканоміцы былі досыць негатыўнымі апошнімі гадамі і вялікай плыні ахвотных, гатовых набыць аб’екты дзяржмаёмасці за годную плату, няма. Таму спадзяванняў, што мы рэалізуем дзяржмаёмасць і істотна папоўнім бюджэт, мы не маем, але праца ў гэтым кірунку вядзецца„, — заяўляў Селіверстаў.
Між тым Міжнародны валютны фонд у аналітычнай запісцы, апублікаванай у канцы 2017 года, адзначаў, што эфектыўнасць дзяржпрадпрыемстваў у Беларусі ў сярэднім у тры разы ніжэйшая ў параўнанні з прыватнымі кампаніямі. У сувязі з гэтым валютны фонд рэкамендаваў беларускім уладам правесці комплексную інвентарызацыю дзяржпрадпрыемстваў, падрыхтаваць і ўкараніць дакладныя крытэрыі, на падставе якіх будуць прымацца рашэнні аб захаванні кампаній у дзяржуласнасці або іх прыватызацыі. На думку МВФ, у хуткім часе ў Беларусі варта рэалізаваць пілотныя праекты па прыватызацыі дзяржпрадпрыемстваў.