Улады маюць намер адмяніць цэнавае рэгуляванне
Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю падрыхтавала праект пастановы, якая аслабіць цэнавы кантроль. Паводле звестак БелаПАН, новы дакумент — „Аб рэгуляванні цэн на сацыяльна значныя тавары” — будзе прыняты ўзамен прынятай раней пастановы № 184.
Пасля рэзкага росту курсу долара ў сакавіку (адразу на 15%) урад устанавіў з 1 красавіка па 30 чэрвеня часовыя меры „па стабілізацыі сітуацыі на спажывецкім рынку”. Згодна з пастановай № 184, вытворцы прадукцыі, імпарцёры, суб’екты рознічнага гандлю могуць павышаць кошт тавараў штомесяц не больш чым на 0,5%. Дзелавая супольнасць выступіла катэгарычна супраць паўсюднага кантролю за цэнамі. Аналагічную пазіцыю заняў і Савет па развіцці прадпрымальніцтва, які з’яўляецца кансультатыўным органам пры прэзідэнце. На думку апошняга, з улікам высокага імпартнага складніку ў структуры выдаткаў айчынных прадпрыемстваў, паўсюдны кантроль за цэнамі „справакуе адмову ад выпуску асобных відаў тавараў у сувязі з эканамічнай немэтазгоднасцю іх вытворчасці”.
Пасля звароту бізнесу ўлады вырашылі змякчыць цэнавае рэгуляванне. З праекта дзяржаўнага рашэння, з якім азнаёміўся БелаПАН, вынікае, што паўсюдны кантроль за цэнамі плануецца адмяніць і замяніць на ўскоснае рэгуляванне цэн на 26 сацыяльна значных тавараў.
Дакумент, падрыхтаваны МАРГ, прадугледжвае, што ўзровень рэнтабельнасці пры вытворчасці сацыяльна значных тавараў у вытворцаў не павінен перавышаць 10%. Надбаўка імпарцёраў, калі сацыяльна значны тавар прывазны, таксама не павінна перавышаць 10%.
Акрамя гэтага, праект пастановы МАРГ абмяжоўвае памер гандлёвай надбаўкі на сацыяльна значныя тавары.
У прыватнасці гандлёвая надбаўка на дзіцячае харчаванне, сухія сумесі і кашы, малако каровіна, малако сухое не павінна перавышаць 15%. Гандлёвая надбаўка на мяса (ялавічыну, свініну, мяса курэй) не павінна быць вышэйшай за 20%, аналагічнае абмежаванне будзе дзейнічаць пры продажы хлеба.
Гандлёвую надбаўку ў 25% будзе дазволена ўсталёўваць пры продажы свежай і свежамарожанай рыбы, курыных яек, кансерваў з рыбы. Надбаўку ў памеры 30% дазволена будзе ўсталёўваць пры продажы пшанічнай мукі, солі, шматкоў аўсяных, макароны, сыру, а таксама агародніны, яблыкаў, чорнай гарбаты, пітной вады.
Усяго ўлады збіраюцца рэгуляваць цэны на 26 тавараў. Пры гэтым цэнавае рэгуляванне плануецца распаўсюдзіць толькі на чатыры нехарчовыя віды тавараў — мыла, запалкі, жаночыя пракладкі і падгузнікі, а таксама туалетную паперу. Гандлёвая надбаўка на гэтыя тавары (з улікам аптовай надбаўкі) не павінна перавышаць 30% ад кошту тавараў.