Улады могуць вярнуцца да тэмы прыватызацыі дзяржпрадпрыемстваў
Працэс прыватызацыі ў Беларусі ў будучыні можа аднавіцца на ўзроўні сярэдніх дзяржпрадпрыемстваў. Такое меркаванне выказаў кіраўнічы партнёр міжнароднай кансалтынгавай кампаніі Civitta па СНД Даніэль Крутцына, выступаючы 25 красавіка ў Менску на II Форуме прыватнага капіталу Беларусі.
Ён адзначыў, што ў апошнія гады былі перагледжаны ўмовы дзяржаўнай падтрымкі дзяржсектара: дзяржпрадпрыемствы сталі жыць ва ўмовах жорсткіх бюджэтных абмежаванняў. „На ўзроўні дзяржпрадпрыемстваў прыйшло разуменне, што часы лёгкіх грошай скончыліся і для эфектыўнай працы трэба скарачаць аперацыйныя выдаткі. У выніку сёння ў дзяржсектары мы маем даволі стабільную сітуацыю. Праўда, заробкі пры гэтым там знаходзяцца на кітайскім узроўні”, — дадаў Крутцына.
На думку эксперта, трэба рухацца далей і рэфармаваць нізкаэфектыўная сярэднія дзяржпрадпрыемствы, якія вялікага ўплыву на эканоміку не аказваюць.
„Дзяржава ніколі не зможа быць такім жа эфектыўным уласнікам, як прыватны інвестар. Калі гаворка ідзе пра горадаўтваральныя прадпрыемствы, можна зразумець, чаму дзяржава не хоча спяшацца з іх прыватызацыяй. З іншага боку, многія сярэднія прадпрыемствы ўсё яшчэ застаюцца ў дзяржуласнасці”, — канстатаваў Даніэль Крутцына.
Паводле яго ацэнкі, эфектыўнасць працы беларускіх сярэдніх дзяржпрадпрыемстваў застаецца даволі нізкай. „Не выключана, што ўлады з улікам гэтага ў агляднай будучыні вернуцца да пытання прыватызацыі сярэдніх дзяржпрадпрыемстваў”, — выказаў меркаванне Крутцына.
Ён таксама адзначыў, што сёння ў Беларусі сфарміраваліся дзве паралельныя эканомікі, калі „адна частка насельніцтва працуе на кітайскую зарплату, другая — у сучаснай, экспартна арыентаванай ІТ-галіне”.
На думку эксперта, неабходна прымаць меры для павышэння прадукцыйнасці працы на прамысловых прадпрыемствах да ўзроўню ІТ-кампаній. „Трэба імкнуцца да таго, каб дададзены кошт на супрацоўніка быў не 4—5 тысяч долараў у год, як у прамысловых арганізацыях, а 80—100 тысяч долараў, як у ІТ-кампаніях”, — падкрэсліў Даніэль Крутцына.
Фота Naviny.by