Улады плануюць атрымаць ад МВФ 1 млрд. даляраў
У наступным годзе Беларусь плануе прыцягнуць у Міжнароднага валютнага фонду мільярд даляраў. Паводле інфармацыі БелаПАН, гэта прадугледжвае макраэканамічны прагноз на 2017 год, які рыхтуюць улады.
Мяркуецца, што новая пазыка, якая паступіць у краіну, будзе накіраваная на рэфінансаванне існых абавязацельстваў. У наступным годзе, паводле інфармацыі БелаПАН, валютныя плацяжы па ўнутраным і знешнім дзярждоўгу ўлады ацэньваюць у 3 млрд. даляраў.
У Менску зараз працуе місія Міжнароднага валютнага фонду, у межах якой ідзе абмеркаванне з беларускімі ўладамі эканамічнай палітыкі ў краіне.
Міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі на мінулым тыдні паведаміў журналістам, што паводле вынікаў перамоў з прадстаўнікамі фонду беларускі бок плануе выйсці на новую крэдытную праграму. Раней стала вядома, што крэдытная праграма можа быць разлічаная на тры гады і прадугледжваць выдзяленне Беларусі 3 млрд. даляраў.
У сваю чаргу міністр фінансаў Уладзімір Амарын заявіў, што ў гэтым годзе было б „занадта аптымістычна” чакаць першага траншу новага крэдыту МВФ.
Дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык мяркуе, што складаная эканамічная сітуацыя ў краіне будзе падштурхоўваць ўрад да неабходнасці дамаўляцца з Міжнародным валютным фондам пра новую крэдытную праграму.
„Праблемы ў эканоміцы патрабуюць вырашэння альбо з грашыма МВФ, альбо без іх. Прамысловыя прадпрыемствы знаходзяцца ў складаным фінансавым становішчы, у банкаў на гэтым фоне пастаянна растуць праблемныя актывы, і, каб сітуацыя ў эканоміцы заставалася кіраванай, новая крэдытная праграма з МВФ вельмі пажаданая”, — падкрэсліў Чубрык у гутарцы з карэспандэнтам БелаПАН.
Навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Дзмітрый Крук лічыць, што МВФ будзе дамагацца пачатку канкрэтных рэформаў у рэальным сектары, і гэтае пытанне можа стаць перашкодай для пачатку новай праграмы з валютным фондам.
„Міжнародны валютны фонд хоча бачыць сур’ёзныя рэформы ў рэальным сектары, што прадугледжвае рэструктурызацыю, прыватызацыю і банкруцтва прадпрыемстваў. Гэтая ўмова, якую выстаўляе МВФ, будзе непахісная”, — мяркуе Крук.
Пацяпленне палітычных адносін Беларусі з Захадам, лічыць эксперт, можа станоўча паўплываць на перамовы, аднак іх зыход будзе ў першую чаргу залежаць ад гатоўнасці афіцыйнага Менска праводзіць глыбокія рэформы ў рэальным сектары. „Корань праблем беларускай эканомікі знаходзіцца ў рэальным сектары. Калі МВФ не ўбачыць канкрэтных крокаў па рэфармаванні сектара дзяржпрадпрыемстваў, беларуская праграма з валютным фондам можа абмяркоўвацца яшчэ і год, і два, і тры”, — мяркуе Крук.