Улады плануюць увесці ў працу другі энергаблок БелАЭС
Другі энергаблок БелАЭС плануецца ўвесці ў працу ў 2022 годзе. Пра гэта паведаміў 11 траўня намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк, перадае прэс-служба „Белэнерга”.
Другі энергаблок знаходзіцца на стадыі пусканаладачных работ.
„Мы адпрацоўваем усе тыя выпрабаванні, якія вызначаныя праграмамі. Праца вядзецца планава. Плануем, што ў гэтым годзе блок уключым у работу”, — сказаў Міхаіл Міхадзюк.
З 25 красавіка першы энергаблок БелАЭС спынены для першага планавага папераджальнага рамонту.
„Гэта рэгламентная праца, у рамках якой будзе ажыццёўлена дыягностыка абсталявання, вузлоў, тэхналагічных сістэм, рэактарнай устаноўкі”, — удакладніў міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч.
Паводле яго слоў, праводзяцца планавыя работы, каб «абсталяванне працавала надзейна». Міністр таксама ўдакладніў, што будзе праведзеная першая перагрузка паліва з рэактарнай устаноўкі.