Улады працягваюць змаганне з імпартам



“Дрэнна толькі, што скарачаецца ў Беларусі не толькі імпарт, але і экспарт”, – адзначае эканаміст Леў Марголін.

З 10 сакавіка зменяцца правілы ўвозу некаторых тавараў для асабістага карыстання з-за мяжы. Для бытавой тэхнікі, электронікі і сантэхнікі ўсталяваны бязмытны ліміт у адну адзінку кожнага тавару са спісу раз у тры гады, для аўтамабільных шын – камплект з 4 штук раз у два гады.

Інфармацыя пра гэта з’явілася на сайце Дзяржаўнага мытнага камітэта.

Ліміт будзе дзейнічаць толькі для тавараў адной групы. Гэта значыць, што прывезці з-за мяжы, напрыклад, дзве мікрахвалёўкі будзе нельга. Другая ўжо будзе абкладацца пошлінай.

Леў Марголін: Новыя правілы – чарговы этап змагання з імпартам. Ці стане яна эфектыўнай? Гэта будзе залежыць ад таго, наколькі пільна мытнікі змогуць адсочваць перамяшчэнні тавараў пэўнымі асобамі. Калі за справу сур’ёзна возьмуцца, то імпарт, безумоўна, скароціцца, бо вядома, што не ўсе, хто прывозіць тую ж бытавую тэхніку з-за мяжы, купляюць яе для ўласнага карыстання. Вышэй названая мера вымусіць некаторых такі бізнес прыпыніць.

РР: Але ці моцна яна дапаможа беларускай эканоміцы?

Леў Марголін: Гэта ўжо пытанне да статыстыкі, бо, наколькі я ведаю, няма асаблівых падлікаў з нагоды таго, колькі прывозіцца тавару сабе, а колькі на продаж. На мой погляд, вялікага ўплыву на скарачэнне імпарту не будзе. Шмат яшчэ будзе залежыць і ад таго, колькі грошай будзе ў насельніцтва. Калі працягнецца палітыка грашовых абмежаванняў, якую зараз праводзяць урад і Нацбанк, то гэта больш паўплывае на скарачэнне імпарту, чым тыя ж меры на мяжы. Бо, калі ў людзей няма грошай, а ў прадпрыемстваў таксама няма абаротных сродкаў, тады і імпарт скарачаецца. Дрэнна толькі, што скарачаецца ў Беларусі не толькі імпарт, але і экспарт.

РР: Што ўзамен імпартных тавараў дзяржава мае прапанаваць беларусам?

Леў Марголін: Яна прапануе купляць беларускае. Іншая рэч, каб яно яшчэ было якаснае і таннае. Бо чаму беларускія тавары такія дарагія? Таму што практычна ў кожным з іх – імпартныя складнікі. А ўлічваючы, што прадукцыйнасць працы ў нашай краіне даволі нізкая, то ў выніку нашы тавары становяцца больш даражэйшымі, чым імпартныя.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота primamedia.ru