Улады спрабуюць падвысіць зарплату дырэктыўнымі метадамі
У Цэнтральным раёне Менска сярэдняя зарплата ў снежні 2017 года павінна скласці 1 499,3 рубля, гаворыцца ў лісце раённай адміністрацыі на адрас сталічных прадпрыемстваў.
У лісце, з якім азнаёміўся БелаПАН, гаворыцца, што такая задача пастаўленая ў мэтах выканання даручэння прэзідэнта па павелічэнні сярэдняй зарплаты ў краіне да тысячы рублёў да канца года.
„Улічваючы персанальную адказнасць кіраўніцтва адміністрацыі Цэнтральнага раёна Менска і прадпрыемстваў” па выкананні даведзенага задання, аўтары ліста запыталі ў лістападзе ў сталічных прадпрыемстваў інфармацыю пра прагназаваны ўзровень сярэдняй зарплаты ў снежні 2017 года.
„Адначасова просім прыняць дадатковыя меры па росце заработнай платы за снежань 2017 года, забяспечыўшы налічэнне і зрушэнне работнікам прэмій і іншых выплат стымулявальнага характару ў справаздачны перыяд (снежань 2017 года)”, — гаворыцца ў лісце адміністрацыі Цэнтральнага раёна Менска.
Айчынныя эканамісты мяркуюць, што толькі адміністрацыйныя метады дазволяць забяспечыць рост сярэдняй зарплаты ў канцы 2017 года.
„Беларуская эканоміка не расце такім чынам, каб за год зарплата натуральна вырасла на чвэрць — з 801,6 рубля ў снежні 2016 года да 1 000 рублёў у снежні 2017-га. Таму для выканання гэтай палітычнай мэты ў снежні 2017 года зарплата ў Беларусі будзе штучна завышацца”, — адзначыў у каментары БелаПАН эканаміст Антон Болтачка.
Аналагічнага меркавання прытрымліваюцца і іншыя спецыялісты.
Пры гэтым эканамісты мяркуюць, што калі у 2018 годзе метады штучнага павышэння зарплат будуць працягваць выкарыстоўвацца, гэта можа прывесці да негатыўных наступстваў: можа адбыцца паскарэнне інфляцыі і аслабленне курсу беларускага рубля.