Улады ствараюць савет па эканамічных пытаннях



Улады Беларусі ствараюць экспертны савет па эканамічных пытаннях. Яго канчатковы склад пакуль не зацверджаны, аднак на мінулым тыдні прадстаўнікі дзяржорганаў звярнуліся да шэрагу экспертаў з просьбай даць згоду на ўдзел у гэтай калегіяльнай структуры.

„Ствараецца група экспертаў па пытаннях грашова-крэдытнай палітыкі і развіцця банкаўскай сістэмы”, — паведаміў БелаПАН суразмоўца, знаёмы з планамі ўладаў. Мяркуецца, што склад экспертнага савета павінна будзе зацвердзіць Адміністрацыя прэзідэнта.

Пытанні эканамічнай палітыкі абмяркоўваліся ў мінулую пятніцу, 10 лютага, падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з групай з 13 чалавек, у якую ўвайшлі дзейныя і былыя высокапастаўленыя дзяржслужачыя. Падчас нарады беларускі кіраўнік заявіў, што да яго паступаюць абсалютна розныя прапановы па пытаннях эканамічнай палітыкі, але пры гэтым падкрэсліў: „Пустых грошай мы друкаваць не будзем”.

Прадстаўнікі экспертнага савета, які ствараецца зараз уладамі, таксама выступаюць супраць грашовай эмісіі.

„Давер да нацыянальнай валюты фармуецца на працягу апошніх двух гадоў цяжка, дэвальвацыйныя чаканні ў грамадстве яшчэ нікуды не зніклі. Калі Нацбанк зробіць захады, якія будуць адхіляцца ад сённяшняй палітыцы, валютныя рызыкі моцна ўзрастуць”, — адзначыў суразмоўца, запрошаны ўладамі ў склад згаданага экспертнага савета.

На яго думку, неабходна падрыхтаваць ацэнку рэгуляванага ўздзеяння розных захадаў, якія могуць распачаць фінансавыя ўлады.

„Рух працэнтных ставак — адзін з такіх крокаў. Для бізнесу важна, каб стаўкі па крэдытах былі ніжэйшымі, але пры гэтым для кампаній не менш важны прагноз змены працэнтных ставак. У выпадку некантраляванай эмісіі забяспечыць прадказальнасць сітуацыі на грашовым рынку немагчыма”, — заявіў БелаПАН бізнесмен са шматгадовым вопытам працы.

У сваю чаргу прадстаўнікі банкаўскага сектара канстатуюць, што многія прамысловыя дзяржпрадпрыемствы зацікаўленыя ў змякчэнні манетарнай палітыкі і павелічэнні грашовай прапановы. „Рэальны сектар будзе шчаслівы, калі атрымае танную ліквіднасць. Вельмі зручна асвойваць грошы і спісваць свае правалы раз на два гады на дэвальвацыю”, — лічыць суразмоўца БелаПАН у фінансавых колах.

Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў пасля нарады 10 лютага заявіў, што запускаць друкарскі станок улады не плануюць. „Усе сыходзіліся ў тым, што ніякага друкавання эмісійных грошай ні ў якім разе быць не павінна. Усё развіццё павінна адбывацца на здаровай эканамічна выверанай аснове”, — сказаў ён.

БелаПАН