Улады з пачатку года выплацілі па даўгах больш за 2 млрд долараў
Урад і Нацыянальны банк у чэрвені накіравалі на пагашэнне пазыковых абавязацельстваў 250 млн долараў ЗША. Такім чынам, усяго з пачатку года ўлады выплацілі па даўгах 2 млрд 7 млн долараў.
Як паведамляе Нацыянальны банк, нягледзячы на выплаты па даўгах, за чэрвень 2019 года золатавалютныя рэзервы павялічыліся на 200,7 млн долараў ЗША (на 2,5%) пасля росту ў маі на 521,6 млн долараў ЗША (на 6,9%).
„Асноўным фактарам росту ўзроўню золатавалютных рэзерваў у чэрвені стала павышэнне цаны золата на міжнародным рынку”, — гаворыцца ў паведамленні.
Згодна са звесткамі рэгулятара, павелічэнню рэзерваў таксама спрыяла купля замежнай валюты Нацыянальным банкам на ўнутраным рынку, паступленне замежнай валюты ў бюджэт, у тым ліку ад збірання экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты, і паступленне сродкаў ад продажу валютных дзяржаблігацый.
„Акрамя таго, з 1 ліпеня 2019 года актуалізаваная метадалогія разліку золатавалютных рэзерваў, што абумовіла рост паказчыка на суму прыблізна 70 млн долараў ЗША”, — гаворыцца ў паведамленні Нацбанка.
Як вынік, золатавалютныя рэзервы Беларусі на 1 ліпеня 2019 года склалі 8 млрд 290,7 млн долараў ЗША.
„У чэрвені 2019 года ўрадам і Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь выканана знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце на суму прыкладна 250 млн долараў ЗША”, — паведамляе Нацбанк.
Варта адзначыць, што ў першым квартале плацяжы ўладаў па даўгах склалі 1 млрд 397 млн долараў, у красавіку — 220 млн долараў, у маі — 140 млн долараў. Такім чынам, з улікам чэрвеньскіх выплат улады накіравалі ў першым паўгоддзі на пагашэнне знешніх і ўнутраных абавязацельстваў 2 млрд 7 млн долараў.
У прагнозных дакументах уладаў на 2019 год гаварылася, што выплаты Мінфіна па дзярждоўгу сёлета ацэньваюцца ў 3,8 млрд долараў, а на пагашэнне абавязацельстваў Нацбанка планавалася накіраваць 1,1 млрд долараў.
У наступныя гады значныя плацяжы Беларусі па дзярждоўгу захаваюцца. Паводле звестак Міністэрства фінансаў, якія былі апублікаваныя ў красавіку, у 2020 годзе выплаты па дзярждоўгу ацэньваюцца ў 3,63 млрд долараў, у 2021 годзе складуць 3,28 млрд, у 2022-м — 3,46 млрд, у 2023-м — 3,83 млрд долараў. Далей, паводле афіцыйнага прагнозу ўлад, штогадовыя плацяжы па дзярждоўгу знізяцца да 2,53 млрд долараў у 2024 годзе і 2,35 млрд у 2025-м.