Улады збіраюцца сабраць каля 150 млн долараў
У 2020 годзе паступленні бюджэту ад дарожнага збору складуць 303,3 млн рублёў (каля 150 млн долараў у эквіваленце). Такія даходы прадугледжвае праект рэспубліканскага бюджэту на 2020 год.
Паводле звестак БелаПАН, сукупныя выдаткі дарожнага фонду складуць у наступным годзе каля 770 млн рублёў. Праект бюджэту прадугледжвае, што будуць дзве асноўныя крыніцы напаўнення фонду – плата за карыстанне платнымі аўтадарогамі і дзяржпошліна за допуск транспартных сродкаў да ўдзелу ў дарожным руху (дарожны збор).
Мяркуецца, што ў наступным годзе паступленні ў бюджэт ад платных аўтадарог складуць каля 270 млн рублёў, а прыбыткі бюджэту ад выплаты дзяржпошліны за допуск транспартных сродкаў да ўдзелу ў дарожным руху складуць 303,3 млн рублёў.
У праекце бюджэту агаворана, што палова гэтай сумы, то бок каля 150 млн рублёў, будзе накіравана ў мясцовыя бюджэты. Гэтыя сродкі мясцовыя саветы дэпутатаў павінны выкарыстоўваць на капітальны і бягучы рамонт аўтамабільных дарог, а таксама на выплату працэнтаў па крэдытах, якія прыцягваліся на дарожнае будаўніцтва.
Астатнія сродкі дарожнага фонду будуць выкарыстоўвацца ўрадам на ўтрыманне, рамонт рэспубліканскіх аўтамабільных дарог, а таксама на пагашэнне і абслугоўванне крэдытаў, якія прыцягваліся ў тым ліку на будаўніцтва другой кальцавой дарогі вакол Менска.
Між тым, як растлумачылі БелаПАН у дзяржорганах, праект бюджэту знаходзіцца на разглядзе ў Адміністрацыі прэзідэнта і на сённяшні дзень канчатковага рашэння па методыцы напаўнення дарожнага фонду даходамі пакуль няма.
Улетку гэтага года механізм напаўнення дарожнага фонду даходамі на дзяржаўным узроўні выклікаў дыскусію, якая атрымала вялікі рэзананс.
Праект прэзідэнцкага ўказа «Аб плацяжах за ўдзел у дарожным руху», які падрыхтаваў Мінфін, прадугледжваў, што дарожны збор аўтаўладальнікі будуць выплачваць асобна ад тэхагляду. Меркавалася, што фізічныя асобы атрымаюць магчымасць пры адначасовым унясенні грашовых сродкаў за 12 і больш месяцаў аплачваць дарожны збор са зніжкай. А за тыя месяцы, калі транспартныя сродкі не выкарыстоўваюцца, пошліну можна будзе не плаціць.
Аднак улетку гэтага года стала вядома, што Адміністрацыя прэзідэнта лічыць такую сістэму выплаты дарожнага збору недастаткова справядлівай, паколькі яна не ўлічвае адлегласць (кіламетраж), якую праязджаюць аўтаўладальнікі на сваім транспартным сродку. Пасля гэтага ўрад стаў разглядаць варыянт уключэння дарожнага збору ў кошт паліва.
«Існуе разнастайны замежны вопыт у частцы таго, як збіраць сродкі на фінансаванне дарожнай інфраструктуры. Адзін з варыянтаў, які практыкуецца ў тым ліку за мяжой, – уключэнне дарожнага збору ў кошт паліва. У гэтым выпадку нават уладальнікі тых шматлікіх транспартных сродкаў, якія транзітам праязджаюць нашы дарогі, будуць выплачваць такі збор», – адзначыў у каментары БелаПАН старшыня Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі Сяргей Міхневіч.
У сваю чаргу міністр фінансаў Максім Ермаловіч лічыць, што ўключэнне дарожнага збору ў кошт паліва пацягне павелічэнне нагрузкі на найменш забяспечаныя пласты насельніцтва. У Мінфіне чакаюць, што камерцыйны сектар, калі збор увойдзе ў кошт паліва, закладзе дадатковыя выдаткі ў кошт тавараў.
«Адпаведна, тыя, хто зарабляе менш, атрымаюць самы негатыўны эфект ад уключэння дарожнага збору ў кошт паліва. Пенсіянер, які едзе на дачу, заплаціць на запраўцы за паліва менш, але яму прыйдзецца потым заплаціць больш за іншыя тавары», – падкрэсліваў Ермаловіч, выступаючы ў чэрвені ў Палаце прадстаўнікоў.
Цяпер дзяржпошліну за допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху аўтаўладальнікі абавязаны выплачваць падчас праходжання тэхагляду. Паводле звестак МУС, з-за гэтага ў 2018 годзе ў параўнанні з 2013-м колькасць аўтамабіляў, якія прайшлі тэхагляд, скарацілася на 34%.
На думку назіральнікаў, гэты факт указвае на тое, што мяняць сістэму выплаты дарожнага збору абавязкова трэба. «Праходжанне тэхагляду, на мой погляд, дзяржава павінна кантраляваць. Тым, хто гэта не праходзіць своечасова, трэба выпісваць адчувальныя штрафы. Але пры гэтым нельга абцяжарваць кошт тэхагляду абавязковым дарожным зборам, як цяпер. Кошт тэхагляду павінен быць разумным, каб аўтаўладальнікі своечасова яго праходзілі і гэта не адбівалася на бяспецы на дарогах», – адзначыў Міхневіч.