Уладзімір Кавалкін: “Камуналка” падвысіцца ў два разы
“Пры гэтым росту заробкаў не чакаецца”, – кажа кіраўнік праекта “Кошт урада” Уладзімір Кавалкін.
Са слоў першага намесніка міністра эканомікі Аляксандра Забароўскага, “з 1 студзеня, у адпаведнасці з дзейным заканадаўствам, адбудзецца падвышэнне кошту жыллёва-камунальных паслуг прыблізна на 10 рублёў». Наколькі балючым для насельніцтва будзе гэтае падвышэнне?
Уладзімір Кавалкін: Што датычыцца тарыфаў на “камуналку”, то ўрад увогуле да канца 2018 года плануе высці на 100 адсоткаў аплаты паслугаў ЖКГ. Гэта значыцца, што ў бліжэйшыя два гады варта чакаць, што камунальныя тарыфы вырастуць у два разы, бо зараз, калі верыць заявам камунальшчыкаў, мы аплочваем усяго 50 адсоткаў, а астатняя частка субсідзіруецца з бюджэту. Другі важны момант – разам з падвышэннем “камуналкі” ўрад збіраецца выдаваць адрасныя сацыяльныя субсідыі тым, хто знаходзіцца ў цяжкім фінансавым становішчы, і аплочваць гэтыя рахункі не можа. Такія субсідыі будуць выдавацца ўсім, у каго рахункі ЖКГ складаюць 20 адсоткаў і больш ад усяго прыбытку. Таму людзі, безумоўна, добра адчуюць на сваёй кішэні падвышэнне тарыфаў ЖКГ, але, з іншага боку, на мой погляд, гэта не стане вялікай катастрофай. Часткова ўлады будуць субсідзіраваць насельніцтва, і, акрамя таго, у Беларусі цэны на паслугі ЖКГ і так ніжэйшыя шмат за якія краіны. Не думаю, што такая мера прывядзе да татальнага абнішчэння людзей.
Да таго ж, трэба разумець, што гэтае падвышэнне – адна з умоў Міжнароднага валютнага фонду, якую Беларусь узялася выконваць узамен на прадастаўленне фінансавай дапамогі ад МВФ. Без гэтай дапамогі сітуацыя яшчэ больш пагоршыцца.
РР: Паралельна з падвышэннем тарыфаў ці будуць расці заробкі беларусаў?
Уладзімір Кавалкін: У наступным годзе яны наўрад ці вырастуць. Хаця ў намінальным выражэнні могуць і падвысіцца, але ў рэальным (з улікам інфляцыі) застануцца альбо на старым узроўні, альбо нават крыху знізяцца.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя