Уладзімір Кавалкін: Квадратны метр – гэта два заробкі



Кіраўнік праекту “Кошт урада” Уладзімір Кавалкін распавядае пра тое, як змяняюцца цэны на нерухомасць у Беларусі.

У сталіцы ўпершыню за 17 месяцаў спынілася падзенне цэнаў на нерухомасць. Па звестках партала Realt.by, цана прапановы квадратнага метра жылля складае $1178. Цана засталася на тым жа ўзроўні, што і тыдзень таму. Гэта першая за 17 месяцаў сітуацыя, калі цана прапановы не зменшылася.

Уладзімір Кавалкін: Што датычыцца рынка нерухомасці ў Беларусі, то тут можна адсачыць адну заканамернасць, якая прагледжваецца на працягу апошніх дзесяці гадоў. Можна заўважыць, што ў краіне кошт квадратнага метра прыкладна раўняецца двум сярэднім рэальным заробкам у рэгіёне. Хачу сказаць, што тут не трэба параўноўваць з тымі заробкамі, якія дае Белстат. Размова ідзе пра тыя грошы, якія людзі рэальна атрымліваць на рукі (у тым ліку, і “шэрыя”). Напрыклад, калі ў сталіцы такі заробак складае 400-500 даляраў, то і квадратны метр суадносна кашту ў раёне 1000 даляраў за квадратны метр. Цэны, як правіла, ідуць услед за заробкамі, але з адставаннем па часе. Рынак нерухомасці – ён інертны, а таму заробкі ідуць наперадзе і перад падзеннем цэнаў на нерухомасць, і перад іх павышэннем. Умоўна кажучы, калі мы жывем на “падаючым рынку”, то зніжэнне заробкаў апярэджвае зніжэнне цэнаў на нерухомасць прыкладна на перыяд ад 3 да 6 месяцаў. Вось гэта, як мне падаецца, і ёсць самы справядлівы метад, каб разлічыць, ці рыначныя сёння цэны на нерухомасць.    

РР: Ці будзе працягвацца падзенне цэнаў на жыллё?

Уладзімір Кавалкін: На рынку нерухомасці заўсёды сезонны мінімум – гэта жнівень. Таму ў гэтым месяцы, мяркую, падзенне працягнецца. А ў астатнім ўзаемазалежнасць заробкаў і цэнаў на нерухомасць будзе прыкладна такая, якую я апісаў. Знізяцца заробкі – будуць праз некалькі месяцаў зніжацца і цэны на кватэры.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя