Уладзімір Кавалкін: МВФ дасць грошы пад канкрэтныя дзеянні ўрада
«Пытанне атрымання ў сёлета крэдыту Міжнароднага валютнага фонду застаецца для беларускіх уладаў актуальным», — мяркуе кіраўнік праекта «Кошт урада» Уладзімір Кавалкін.
Уладзімір Кавалкін: Эксперты Міжнароднага валютнага фонду будуць сачыць за тым, як урад Беларусі збіраецца выконваць узятыя на сябе абавязацельствы. Калі будзе выконваць (а ёсць матрыца ўзгодненых дзеянняў МВФ і беларускага ўрада), то, суадносна, шанцы атрымаць крэдыт высокія. Але, калі ўрад возьме на «ўзбраенне» указанне кіраўніка краіны зрабіць у гэтым годзе сярэдні заробак 500 даляраў і пачне раздаваць грашовую масу, то ў такім выпадку, думаю, магчымасць атрымаць заходнія грошы будуць вельмі і вельмі туманныя.
РР: Не атрымаецца сумясціць сярэдні заробак у 500 даляраў з атрыманнем крэдыту МВФ?
Уладзімір Кавалкін: На жаль, гэтыя рэчы абсалютна несумяшчальныя, таму што заробак у 500 даляраў азначае чарговае раздзіманне грашовай масы з чарговай дэвальвацыяй. І гэта на сёння далёка не тэорыя, а практыка, якая ўжо паўтарылася не менш за тры разы за апошнія 5-7 гадоў. Таму не толькі ў незалежных эканамістаў ці экспертаў, але і ў простых людзей, няма ніякіх ілюзій з нагоды перспектыў такога кароткатэрміновага падняцця заробкаў.
РР: Калі тэарэтычна ўявіць, што МВФ дасць крэдыт ужо ў гэтым годзе, то грошы будуць паступаць часткамі?
Уладзімір Кавалкін: Безумоўна, грошы будуць даваць пад канкрэтныя дзеянні беларускага ўрада. І матрыца дзеянняў дастаткова вялікая – яна ўключае і рэфармаванне сістэмы дзяржфінансаў, і часткова структурныя рэформы, і перадачу кіравання дзяржаўнымі прадпрыемствамі… Мяркую, кожная частка будзе прывязана да выканання нейкіх прамежкавых дасягненняў.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя