Уладзімір Кавалкін: Нафтавая крыніца прыбытку засталася ў мінулым
Кіраўнік праекта “Кошт урада” Уладзімір Кавалкін кажа, што ў той ці іншай ступені бюджэтнае скарачэнне адаб’ецца і на насельніцтве.
«Па рэспубліканскім бюджэце выдаткі плануецца скараціць на 7–8%. Гэта не так ужо і мала. Калі казаць спрошчана, то гэта амаль месячны аб’ём выдаткаў», — заявіў журналістам міністар фінансаў Уладзімір Амарын.
Амарын таксама паведаміў, што сацыяльныя выдаткі закранацца не будуць. Будуць аптымізаваныя непершачарговыя выдаткі, удакладнены адносіны з мясцовымі бюджэтамі, скарочаныя ім датацыі. Зніжэнне бюджэтных расходаў будзе праводзіцца зыходзячы з разліку сярэднегадавога кошту нафты 35–40 даляраў за барэль.
Уладзімір Кавалкін: Людзі скарачэнне бюджэтных выдаткаў адчуюць на сабе, але не адразу. Як правіла, бюджэт пачынаюць скарачаць па такіх артыкулах, якія з пункту гледжання кароткатэрміновага эфекту не вельмі значныя. У нашым выпадку гэта будзе, хутчэй за ўсё, сфера ЖКГ і ўсё з гэтым звязанае. Магчыма, скароцяць выдаткі на ЖКГ, на будаўніцтва новага жылля, на бягучы і капітальны рамонты. Гэта дастаткова вялікі артыкул, і яго будуць рэзаць. Другі артыкул, які могуць скараціць, – дапамога прамысловым прадпрыемствам. Так што, як падаецца, менавіта гэтыя два артыкулы і будуць выкарыстоўваць, каб зэканоміць бюджэтныя грошы.
РР: Зніжэнне бюджэтных расходаў будзе праводзіцца зыходзячы з разліку сярэднегадавога кошту нафты 35–40 даляраў за барэль, але зараз цана на нафту паднялася да 48 даляраў за барэль. Можа быць, у такім выпадку і не патрэбна вялікае скарачэнне бюджэтных выдаткаў?
Уладзімір Кавалкін: Я сумняваюся, што будзе далейшы рост цаны на нафту. Калі паглядзець на нафтавы рынак, то ён перапоўнены прапановай. Так, цэны на нафту некалькі выраслі, але ж і напачатку году ўлады казалі, што трэба бюджэтныя выдаткі скарачаць на 10 адсоткаў, а зараз заяўляюць пра 7-8. Таму не варта чакаць падвышэння цэнаў на “чорнае золата” ў бліжэйшы час. Усё, што нам застаецца, – гэта прызвычайвацца жыць у тых умовах, якія ёсць сёння. Варта развіваць навукаёмістыя тэхналагічныя вытворчасці, а не спадзявацца на тое, што ізноў “выстраляць” цэны на нафту, і мы зможам ізноў добра зарабляць на перапродажы нафтапрадуктаў. Гэтая крыніца заробку для бюджэта засталася ў мінулым.
РР: У якіх сферах выдаткі не будуць моцна скарачаць?
Уладзімір Кавалкін: Наўрад ці гэта закране сацыяльныя выдаткі і заробкі. Хутчэй за ўсё, іх проста не будуць падвышаць. Па-першае, у гэтым годзе пройдуць парламенцкія выбары. Па-другое, калі скарачаць сацыяльныя выдаткі і заробкі, то людзям гэта можа моцна не спадабацца. А сацыяльная напружанасць уладам не патрэбна.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя