Уладзімір Кавалкін: «Сюрпрыз» будзе ў наступным годзе



Кіраўнік праекта «Кошт урада» Уладзімір Кавалкін распавядае пра тое, што рыхтуюць камунальшчыкі беларусам у бліжэйшы час.

Па выніках 2016 года беларусы будуць аплачваць 60% кошту паслуг жыллёва-камунальнай гаспадаркі, паведаміла Еўрарадыё са спасылкай на намесніка прэм’ер-міністра Анатоля Калініна. Паводле яго слоў, раней планавалася 50%, аднак з улікам «шэрагу рэалізаваных праграм, механізмаў, жорсткай ацэнкі і кантроля» з’явіўся іншы ўзровень — 60%.

Уладзімір Кавалкін: Пакуль цяжка сказаць, ці выйдзем мы ў гэтым годзе на аплату 60 адсоткаў “камуналкі”, пабачым, што напішуць у жыроўках. Нават складана назваць адсоткі, якія мы сёння аплочваем, бо з аднаго боку пастаянна пдвышаюцца тарыфы, а з іншага чыноўнікі кажуць, што яны зніжаюць выдаткі. Таму пра рэальныя лічбы, напэўна, могуць ведаць толькі ў самім Міністэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Грамадзянам з гэтым разабрацца вельмі і вельмі складана.

РР: Калі па выніках 2016 года беларусы будуць аплачваць 60% кошту паслуг жыллёва-камунальнай гаспадаркі, гэта будзе вельмі адчувальна для людзей?

Уладзімір Кавалкін: Не вельмі, бо ўсе асноўныя падвышэнні ўжо былі. Тым больш, што 50-60 адсоткаў – гэта прыблізна тое, што сёння ўжо маем. А вось у наступным годзе людзей чакае самы сапраўдны “сюрпрыз”, бо плануюць выйсці на 100 адсоткаў аплаты “камуналкі”. І гэта адна з умоў Міжнароднага валютнага фонду.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя